Разборкі вулічных музыкаў: новы бубнач у цэнтры Гродна пераманіў слухачоў у калег?

|

Кожны год на вуліцах Гродна з’яўляюцца новыя музыкі: адны сыходзяць, іншыя прыходзяць, застаюцца самыя ўстойлівыя. Старыя музыкі не заўсёды радыя новым артыстам, якія яшчэ не ведаюць “правілаў вуліц”. Гэтыя непісаныя правілы, па словах музыкаў, што звярнуліся ў рэдакцыю “Твайго стылю”, парушае навічок – Алег. Ён, нібыта, замінае працаваць іншым.

 

“Калі з’явіўся бубнач, ад “Мілавіцы” да ЗАГСа нерэальна стала стаяць – яго музыка проста ўсё заглушае. Перакрычаць барабаны немагчыма. Раней можна было на дваіх зарабіць па 20 рублёў, а цяпер ледзь па 10 атрымліваем. Складана працаваць у такіх умовах – людзі ўсе ідуць да бубнача, хоць мы не горшыя”, – распавёў музыка Аляксандр.

 

Вулічныя музыкі прапануюць бубначу сысці куды-небудзь у іншае месца, каб не перашкаджаць іншым, або прыходзіць у больш позні час.

 

Алег нікуды сыходзіць не збіраецца. Ён распавядае, што яго сюды афіцыйна запрасілі, таму ён будзе далей стаяць і граць, бо проста выконвае сваю працу.


“На Арбаце ў Маскве граюць цэлыя ансамблі, розныя групы са сваёй апаратурай, а таксама асобныя музыкi. Хто захоча іх пачуць, той абавязкова падыйдзе. Так і ў нас – Савецкая вуліца вялікая, музыкаў хапае. Я працую афіцыйна ад кафэ “Амато кофе”, магу ладзіць дыскатэку, караоке, усё што заўгодна”, – кажа Алег.

 

Апаратура Алега каштуе каля 5 тысяч долараў

 

Калі вулічныя музыкі могуць спакойна стаць у любым месцы і граць, то Алегу, каб займацца любімай справай, абавязкова патрэбна разетка. Таксама яго абмяжоўвае час – ён можа граць толькі пасля 16.00, бо насупраць яго месца знаходзяцца офісы.


“Я не адымаю ў хлопцаў хлеб. Хай адыйдуць на метраў дзвесце далей і зарабляюць сваю капейку. Выбачайце, але я ўклаў у сваю апаратуру каля 5 тысяч долараў – гэта студыйная ўстаноўка, фірмовы пульт, і я хачу, каб Гродна быў еўрапейскім горадам з якаснай музыкай. Я не стаю там, дзе ходзяць людзі і кідаюць грошы. Мяне ідуць асобна паслухаць.


Калі хтосьці грае на губным гармоніку за 2 долары, то няхай купіць апарат за некалькі тысяч і паглядзім, як ён сябе будзе паводзіць. Законы вулічных музыкаў такія – калі ты чагосьці каштуеш, то да цябе падыдуць і кінуць”.