Гарадзенцы вяртаюцца з Алімпіяды: адным з першых прыехаў стралок Ілля Чаргейка

|

Алімпіяда ў Рыа стала другой у яго кар’еры. Чатыры гады таму Ілля выступаў у Лондане, дзе заняў сёмае месца.


“На Алімпіядзе ў Рыа ўсе выступілі дрэнна, нават лідары. На чэмпіянатах і этапах Кубка свету вынікі стралкоў чамусьці былі вышэй. Напэўна, на Алімпійскіх гульнях адбіваецца хваляванне, з якім не змаглі справіцца нават вядучыя спартсмены. Канкрэтнай задачы па выступленню ў мяне не было – галоўнае было трапіць у фінал і атрымаць магчымасць пазмагацца за медаль, аднак у фінальнай серыі справіцца з хваляваннем так і не ўдалося, таму вынік лічу для сябе не зусім паспяховым – разлічваў на большае”, – распавёў Ілля.

 

Таксама стрэлак адзначыў, што арганізацыя Алімпійскіх гульняў у Рыа спачатку была няважнай, было шмат розных недахопаў у арганізацыі харчавання, перамяшчэння і г.д., аднак у ходзе Алімпіяды арганізатары здолелі ўсё наладзіць і ў цэлым завяршыць Алімпійскія гульні годна.

 

Iлля на стрэльбах у Рыа, фота: noc.by

 

Убачыць прыгажосці Рыа-дэ-Жанейра Іллі, па вялікім рахунку, так і не ўдалося. Межы Алімпійскай вёскі спартсмены імкнуліся не пакідаць у мэтах бяспекі, таму ўсе зносіны адбывалася са сваімі калегамі з іншых краін. Ілля адзначыў, што адносіны паміж спартоўцамі з розных краін былі сяброўскімі, ніякіх канфліктаў не было.

 

У планах Іллі паехаць і на наступную Алімпіяду, якая пройдзе ў 2020 годзе ў Токіа. Ён вельмі хоча заваяваць залаты алімпійскі медаль.

 

Дарэчы, усе “гарадзенскія” медалі на Алімпіядзе ў Рыа заваявалі прадстаўнікі Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства “Дынама”: Іван Ціхан – срэбра ў кіданні молата, Ібрагім Саідаў – бронзу ў вольнай барацьбе.

 

На галоўным здымку: намеснік старшыні савета Гродзенскай абласной арганізацыйнай структуры БФСТ “Дынама” Андрэй Козіч і стралок Ілля Чаргейка