Раварысты гатовы дапамагчы спраектаваць развадны мост у Гродне. Каб пра іх ізноў не забыліся
Будучы мост плануецца размясціць прыкладна ў раёне грузавога порта, амаль насупраць упадзення Гараднічанкі ў Нёман. Вышыня канструкцыі складзе 2,5 – 3 метры, даўжыня – 68, а шырыня маста – 2,5. Пакуль разглядаюцца два магчымых варыянты развода маста – калі абедзьве часткі падымаюцца кожная на сваім беразе. ці калі пасярэдзіне ракі усталююць апору і часткі маста будуць падымацца ў цэнтр.
Меркаваннем галоўнага архтітэктара інстытута “Гроднаграмадзянпраект” Александра Захарчука, такое размяшчэнне маста ўдала злучыць Праванаберажную з планаванай пешаходнай зонай уздоўж Гараднічанкі па вуліцы Віленскай. Дапоўніць ландшафт зможа і летні амфітэатр на Леванаберажнай Нёмана. Апроч таго, прадугледжваюць відавыя пляцоўкі на ўваходзе моста з абодвух бакоў і будаўніцтва рачнога маяка ў порце.
Падумалі архітэктары і пра турыстаў – з вышыні адкрыецца добры від на гарадскую гістарычную забудову, а развод мастоў можа збіраць ахвотных паназіраць за незвычайным працэсам.
Па-за ўвагаю распрацоўшчыкаў будучай архітэктурнай цікавосткі засталіся толькі раварысты, мяркуюць прадстаўнікі грамадскай арганізацыі “ВелаГродна”. У лісце да мэра яны звяртаюць увагу кіраўніцтва горада, што колькасць раварыстаў у Гродне штогод павялічваецца, але падчас распрацоўкі горадабудаўнічых праектаў гэты факт часта не ўлічваецца.
“Агучаная ў СМІ шырыня маста 2,5 метры недастатковая для адначасовага руху пешаходаў і раварыстаў” – зазначаюць велаактывісты ў лісце. Для аднаго раварыста шырыня праезжай часткі павінна складаць не менш 1 метра, а з улікам двухбаковага руху – не менш 2,5 метраў.Таксама яны звяртаюць увагу архітэктараў на недапушчальнасць размяшчэння ліхтароў асвятлення на роваравых сцежках маста.
Каб папярэдзіць праблемнуыя сітуацыі, раварысты прапануюць перапрацаваць заданне на праектаванне маста з улікам магчымасці перамяшчэння на роварах. Пры неабходнасці “ВелаГродна” гатова аказаць кансультатыўную дапамогу праектыроўшчыкам па рэалізацыі канкрэтных вузлоў з улікам еўрапейскага досведу праектавання і ўласнай практыкі.
ДАІ Гродна вырашыла не абмяжоўваць рух веласіпедыстаў на Старым мосце