Ібрагім Саідаў: “Зраблю ўсё магчымае, каб падзяліцца сваім вопытам з юнымі беларускiмi спартсменамі”
На Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра прадстаўнік Гарадзеншчыны барэц-вольнік Ібрагім Саідаў у вагавой катэгорыі да 125 кг выйграў бронзу. У апошнім паядынку ён сустрэўся з супернікам з Арменіі Левана Берыанiдзе і адолеў яго.
Ібрагім спецыяльна да Алімпіяды набраў вагу ў 103 кг і выступаў у вагавай катэгорыі да 125 кг, хоць сам раней спаборнічаў да 97 кг.
“Алімпійскi медаль гэта мара не толькі мая, але і майго нябожчыка бацькі і ўсіх людзей, якія за мяне перажывалі. Вядома, хацелася золата, але крыху не атрымалася і будзем задавольвацца бронзай. Але на наступнай Алімпіядзе буду рабіць усё магчымае, каб прынесці золата маёй другой радзіме Беларусі і роднаму Дагестану, дзе мяне таксама падтрымліваюць. Дарэчы, у Рыа акрамя беларускіх спартсменаў мяне падтрымлівала і вялікая Дагестанская дыяспара і адразу пасля маёй медалі яны мяне запрасілі на трыбуну і павіншавалі”, – кажа Ібрагім.
Пасля заваявання бронзавай узнагароды, барэц зрабіў свой “Алімпійскі выбар”. Ураджэнец Дагестана абараняе гонар беларускага сцяга нядаўна, таму зрабіў выбар на карысць школы, дзе зараз займаецца барацьбой. Гэта былая Гарадзенская школа вышэйшага спартыўнага майстэрства (ШВСМ), зараз – Гродзенскі Абласны Комплексны Цэнтр Алімпійскага Резерву, куды Прэзідэнцкі спартыўны клуб пералічыць 7,5 тыс беларускіх рублёў.
“Хочацца, каб гэтыя грошы сталі стымулам для развіцця дзіцяча-юнацкага спорту ў Беларусі. Я зраблю ўсё магчымае, каб падзяліцца сваім вопытам з юнымі спартсменамі. ШВСМ – гэта тое месца, дзе фармуецца не толькі спартсмен, але і асоба, а гэта самае галоўнае.
У Беларусі моцная школа барацьбы, шмат годных і сур’ёзных спартсменаў выступала і выступае. Можна назваць такія імёны як Аляксандр Мядзведзь – алімпійскі чемпіён, Сяргей Смаль – прызёр алімпійскіх гульняў і многія iншыя. Цяпер трэніруецца шмат моцных і годных рабят, якія ў будучыні змогуць прынесці Беларусі алімпійскія медалі, мы ім у гэтым абавязкова дапаможам”.
Ібрагім з гарадзенцам, які яго пазнаў на вуліцы
У Гродне бронзавага прызёра Алімпіяды аднымі з першых сустракалі прадстаўнікі Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства “Дынама”. Ібрагім Саідаў і Іван Ціхан – два прадстаўнікі Гарадзеншчыны, якія ўзялі медалі на Алімпіядзе. Яны абодва прадстаўляюць менавіта гарадзенскае “Дынама”.
“Падтрымка, як да Алімпіяды, так і пасля, вельмі адчуваецца. Было прыемна, калi адразу пасля ўзнагароджання мне паказалі копію віншавання прэзідэнта Беларусі, а па прыездзе ўручылі афіцыйны дыплом. Таксама прама ў аэрапорце мяне ўзнагародзілі і дыпломам ад губернатара Гродзенскай вобласці, які вельмі дапамагае мясцовым спартсменам.
Дзякуй за падтрымку Упраўленню спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, якія ў мяне паверылі. Тры месяцы да Алімпіяды я атрымаў сур’ёзную траўму, два месяцы выдаткаваў на лячэнне, і на працягу месяца нашы беларускія спецыялісты мяне падрыхтавалі да выступлення. Гэта здаецца нерэальным, але яны гэта зрабілі і ім я вельмі ўдзячны. Спартсмены за паўгода рыхтуюцца, а тут за такія кароткія тэрміны”.
Яшчэ адзін прыхільнік Ібрагіма
Барэц жыве і прапісаны ў Гродне, у інтэрнаце, які яму вылучыла мясцовае “Дынама”. Але шмат часу ён праводзіць на зборах, якія ў асноўным праходзяць у Мінску ў Стайках. Сям’я спартсмена жыве ў Дагестане, але Ібрагім пры першай жа магчымасці перавязе іх у Гродна. Галоўнае пытанне, якое стаіць зараз перад ім – гэта жыллё.