“Маляваць можа кожны”. Red Art прапануе гарадзенцам стварыць жывапісны шэдэўр за дзве гадзіны

|

 

Ідэя арт-вечарынаў падобнага кшталту нарадзілася ў Каліфорніі і шырока разышлася па свеце. Гарадзенскія дзяўчаты Кацярына Петруцый, Вікторыя Хацяновіч і Алена Пабылец спачатку назіралі за іншымі групамі праз інтэрнэт, пасля з’ездзілі на вечарынку ў Мінск і ўрэшце арганізавался ў суполку Red Art, каб праводзіць такія сустрэчы ў сваім горадзе.

 

 

“Мы не мастакі і не маем адмысловай адукацыі. Але заўсёды вельмі хацелі маляваць, – расказвае Алена Пабылец. – Падумалі, што вакол многа такіх самых людзей і вырашылі сабраць іх разам, прапанаваўшы сумясціць сустрэчы ў гарадскіх кавярнях з магчымасцю маляваць, натхняючыся класічнымі карцінамі”.

 

Першая сустрэча суполкі прашла ў тайм-кафэ “Партал”, на другую гасцей чакаў грыль-бар “Хані Кабані”. Што да выбару карцін, то разам з мастакамі-вядоўцамі абіралі такія, каб паўтарыць сюжэт было не складана нават навічку. Гарадзенцы ўжо малявалі паводле абстракціі “Кохель. Прамая дарога” Васіля  Кандзінскага  і магічна-рэалістычнага “Ката ў капялюшы”  Рэнэ Магрыта.

 

 

 

Маляваць можа кожны, шчыра лічаць дзяўчаты. Для гэтага не абавязкова доўга вучыцца. Трэба толькі пачаць – з чыстага, як кажуць, халста. Забяспечыць гэтым халстом, а таксама пэндзлямі, палітрай і мальбертамі яны абяцаюць. Ды яшчэ і прапануюць у перапынках напоі ды салаты, каб голад не адцягваў увагі ад творчасці.

 

 

Да таго ж, магчымасць прайсціся па зале з кубкам кавы ці бакалам віна гэта і добрая нагода наглядзець, як ідуць справы ў калег і пазнаёміцца між сабой. У групе, мяркуюць арганізатаркі, і маляваць весялей – няма лішняй напружанасці і страху – побач такія самыя не-мастакі. Так што можна ставіцца да задачы прасцей і нават з гумарам. “Атрымаецца ў кожнага, – кажа Вікторыя Хацяновіч, – мы не ставім задачу зрабіць копію класічнай карціны, а разважаем пра яе творчую інтэрпрэтацыю”.

 

 

Мастак Дмітрый Жаўноў першы раз спрабаваў сябе ў рорлі вядоўцы арт-вечарынкі і прызнаецца, што атрыманым досведам вельмі задаволены: “Людзі прыйшлі, каб атрымаць задавальненне, новыя ўражанні і нават творчыя патрасенні. Упэўнены, што кожны атрымаў, што хацеў”. А вабяць дарослых у маляванні розныя рэчы – адных магчымасць суаднесці сябе з высокім мастацтвам, іншых – магчымасць вярнуцца ў дзяцінства і “проста памазаць пэндзлем, высунуўшы язык ад засяроджанасці”.

 

 

Даведацца больш пра дзейнасць Red Art, пачытаць пра будучыя арт вечарынкі ці пагартаць фотаальбомы з мінулых сустрэч можна на старонцы суполкі Вконтакте, а пабачыць здымкі ўдзельнікаў у Instagram магчыма па хэштэгу #redartgrodno.

 

Арганізатаркі арт-вечарынак плануюць развіваць гэты рух у Гродне і надалей – хутка ў аматараў мастацкіх сустрэч з’явяцца новыя магчымасці – самім выбраць карціну для сустрэчы праз галасаванне ў сеціве, наведаць сустрэчы, дзе кожны малюе сваю карціну, ці набыць падарункавы сертыфікат, каб падарыць магчымасць творчасці камусьці з сяброў. “Гэта можа стаць незабываемай падзеяй – падарыць блізкаму чалавеку магчымасць раскрыць свае таленты і паспрабаваць сябе ў новай якасці”.

 

 

Акрамя ўсяго астатняга, “маляванне яшчэ і арт-терапія” – раскрывае “сакрэт фірмы” Алена Пабылец. “У сучасным свеце камп’ютараў нам вельмі не хапае жывой ручной працы, яе самапаглыблення, блізкага да медытацыі”.

 

А поспех у такой справе гарантаваны ўсім – тут няма тых, у каго не атрымалася, няма кепскага ці добрага – ёсць розныя спосабы бачыць і адлюстроўваць свет. А самае галоўнае – вынікаў не прыйдзецца чакаць доўга. Дзве гадзіны – і ўласная карціна ў вас у руках!

 

 

Анонсы наступных сустрэч суполкі Red Art будуць размешчаны на старонцы ВКонтакте.  Усе матэр’ялы для малявання, а таксама напой і салатка ўваходзяць у цану квітка – 35 рублёў.

 

Здымкі аўтаркі і са старонкі суполкі ВКонтакте