Стаяў на святлафоры і насіў ровар: Мечыслаў Гой праехаў 25 км па Гродне і зафіксаваў праблемы веларуху
Каб пабываць у такіх месцах, Мечыслаў Гой папрасіў у актывістаў ВелаГродна стварыць маршрут. У выніку шлях па горадзе заняў больш за дзве гадзіны. За гэты час было зафіксавана вялікая колькасць праблем, якія перашкаджаюць развіццю веларуху ў горадзе.
Мэра Гродна пракацілі на бамбукавым тандэме велаактывiсты з Польшчы і Аўстрыі
Маршрут пачынаўся ад плошчы Леніна, ішоў па вуліцах Ажэшкі і Дзяржынскага на Дзевятоўку. Пасля на вуліцу Дубко, БЛК, Вясновую, Савецкіх Пагранічнікаў, Стары мост і заканчваўся у цэнтры горада.
“Я кожны дзень езджу на машыне і мне не відаць, што там у раварыстаў адбываецца. Каб мне разумець, якія праблемы ў веларуху, мне трэба было ўсё гэта адчуць. Усе бачаць, што веласіпедыстаў у горадзе становіцца больш і мы павінны ствараць умовы для добрай язды на ровары. Шчыра, я чакаў больш праблем па веларуху, але, як аказалася, не ўсё так дрэнна. Ёсць праблемы: не хапае разметкі, знакаў, а таксама паніжаных бардзюр, але ў цэлым аснова ўжо ёсць”, – адзначыў старшыня.
Усё для веларуху: супрацоўнікі ДАІ з рулеткамі замерылі высокія бардзюры ў Гродне
Першыя праблемы ў групы пачаліся яшчэ на вуліцы Ажэшкі – не было разметкі на веладарожцы, а таксама тлумачальнай таблічкі аб тым, каб пешаходы прытрымліваліся патрэбнага боку.
Далей пачаліся сур’ёзныя праблемы з бардзюрамі, у некаторых месцах яны даходзілі да 20 см, пры норме 0. Супрацоўнікі ДАІ
адзначылі, што бардзюрамі ўжо займаюцца.
Адна з лепшых веладарожак у горадзе была зафіксавана на вуліцы Курчатава, падобныя цяпер імкнуцца рабіць у кожным новым мікрараёне горада. Як адзначыў Мечыслаў Гой, для гэтага вялікіх сродкаў укладаць не трэба, галоўнае мець жаданне і імкнуцца праектаваць усё загадзя.
Для веласіпедыстаў сумесная паездка са старшынёй па горадзе – вялікі крок наперад. Раней веладарожкі ў Гродне ствараліся без іх удзелу, але зараз такога ўжо быць не павінна. Кіраўніцтва горада паабяцала вырашаць праблемы веларуху разам і ў патрэбных момантах абавязкова звязвацца з актывiстамi.
“Маршрут распрацоўвалі з самымі праблемнымі месцамі. Вядома, не ўвесь горад аб’ехалі, але шмат паглядзелі. Прыемна, што мы ўпершыню паказалі праблемы людзям, якім гэта трэба было паказаць даўно, і не на паперы, а на яве. Калі з’яўляліся веладарожкі ў горадзе, з намі нават ніхто не раіўся, яны былі выкананы няўдала. Цяпер хочацца верыць, што такога больш не будзе”, – сказаў прадстаўнік веларуху Аляксандр Фядотаў.
У наступны раз велаактывiсты дамовіліся сустрэцца з кіраўніцтвам горада 22 верасня ў Дзень без аўтамабіля. Мечыслаў Гой даў слова, што начальнікі розных структур і аддзелаў гарвыканкама прыедуць на працу на роварах.
align=”” width=”725″ height=”544″ >