У Гродне вызначылі пераможцу пятага этапа “Хобі-карт 2016”

|

 

Стаяць на самай высокай прыступцы п’едэстала Андрэю сёлета давялося ўжо другі раз. На папярэднім, чацвёртым этапе, ён упершыню стаў пераможцам. Цалкам яго картынг-стаж складае каля двух гадоў. На думку Андрэя Аксёнава, картынг – добрая магчымасць зняць стрэс і атрымаць адрэналін: “На дарозе ў аўтамабілі нельга такога сабе дазволіць, а на картынгу можна паганяць ад душы”.

 

 

Незважаючы на тое, што аматарскі карт развівае хуткасць толькі каля 65 кіламетраў, яркіх уражанняў ад гонкі хапае. Блізасць да зямлі і адсутнасць “памочнікаў”, кшталту гідраўзмацняльніка руля ці амартызатараў, дадаюць эсктрыму і вострых адчуванняў.

 

 

Апроч удзелу ў спаборніцтвах, Андрэю падабаецца тэставаць картадромы іншых гарадоў пад час падарожжаў. Ён ужо катаўся на карце на пляцоўках Мінска, Вільні і Лейпцыга.

 

На ўсе спаборніцтвы Андрэй прыязджае з сям’ёй – жонка Галіна і сын Іван стала заўзеюць за свайго гоншчыка. Галіна фатаграфуе, а Іван чакае канца заездаў, каб таксама праехаць пару кругоў на карце.

 

 

Яму, прызнаецца, пакуль цяжка кіраваць машынай – на паваротах руль супраціўляецца. Каб падкачаць рукі, Іван пад наглядам таты штодня робіць адцісканні. А яшчэ яны разам любяць гуляць кубікамі лега. “Гэта развівае фантазію, што таксама карысна для гоншчыка, – мяркуе Андрэй, – Калі едзеш за супернікам, а ён рухаецца па ідэальнай траекторыі, то трэба нешта прыдумляць, каб яго абагнаць”.

 

 

Гэтым разам яго стратэгія дакладна спрацавала, бо абагнаць удалося нават чэмпіёна краіны Аляксандра Гедрэвіча, якому дасталося срэбра пятага этапа Хобі-карта. Бронзавую ўзнагароду спаборніцтва атрымаў Мікалай Уманец.

 



Фота: Галіна Абрамава, Ірына Новік