Чаму гарадзенцы перастаюць хадзіць у стары цір у парку Жылібера?

|

Стары цір, які не кожны і заўважыць у вугалку парку, доўгія гады знаходзіцца пад папячыцельствам мясцовага ДТСААФ. У савецкі час там было не праціснуцца – заўсёды былі людзі. Цяпер іх няма.


“Яшчэ 10 гадоў таму людзей шмат хадзіла, а цяпер значна менш, і тое на святы. Цір прыхаваны ў вуглу парку, у нас няма рэкламы і нават шыльды нармальнай. Мішэні яшчэ з часоў заснавання, толькі цацкі дадаем. З добрага – можна адзначыць, што вінтоўкі абнавілі летась”, – кажа работнік ціра Зоя Пятроўна.

 

У выходныя дні людзі яшчэ прыходзяць пастраляць, але ў звычайны дзень – iх практычна няма. Зоя Пятроўна распавядае, што зусім нядаўна ёй удалося прадаць толькі тры кулі, а гэта ўсяго 1 рубль 5 капеек

 

 

Самы прыбытковы дзень у годзе – 3 ліпеня. У такі дзень выручка можа даходзіць да 300-400 рублёў. Але сёлета 3 ліпеня цэлы дзень ішоў дождж, таму людзей не было.


“У апошнія гады прыватнікі адбіваюць у нас людзей – яны сталі насупраць нас. У іх усё якасна, цэны вышэй, але людзей гэта не бянтэжыць. У нас жа цэны ў параўнанні з мінулым годам не павялічваюцца, за кульку ўсяго 35 капеек, але людзей усё адно няма”, – дадала Зоя Пятроўна.

 

 

Але не ўсе ідуць у новы цір. Ёсць і такія, хто са старога нікуды сыходзіць не збіраецца. Дзмітрый рэгулярна прыходзіць сюды, а апошнім часам і сына свайго падцягнуў.


“Цiр нам падабаецца, мы заўсёды сюды прыходзім – вучымся страляць. Такіх месцаў трэба больш у горадзе. З’яўляюцца ў нас ціры электронныя, але гэта ўжо не тое. У стралковай справе важна ўсё прачуць – калі сам зараджаешь патроны, калі цэлiшся і б’еш мішэнь. Цана даступная кожнаму, гэта лепш чым пайсці што-небудзь смачнае купіць. Мая думка – кожны мужчына павінен умець страляць. Асабіста ў маёй сям’і ўжо традыцыя: калі прыходзіш у парк, трэба абавязкова зайсці ў стары добры цір”, – распавёў Зміцер.

 

align=”” width=”725″ height=”485″ >

 

Сто метраў ад ціра ДТСААФ знаходзіцца новы цір, у якім можна пастраляць з рознай зброі і па розных мішэнях, у тым ліку і па электронных. За добрую стральбу там нават можна выйграць прызы. Людзей там больш. Дырэктар установы, маёр запасу Анатоль Карчагін, робіць усё магчымае, каб людзям падабалася ў яго страляць.

 


“Старому цiру, мы не канкурэнты, а проста калегі, якія выконваюць агульную задачу – падрыхтоўку дапрызыўнай моладзі да службы ва Узброеных сілах. Мы да гэтай справы прафесійна ставімся, а яны – “апусціўшы рукавы”. Яны перасталі прытрымлівацца ідэй, якіх раней прытрымліваліся, пры гэтым яны атрымліваюць фінансаванне з рэспубліканскага бюджэту. Мы ж нічога не просім і стараемся стварыць у Гродне сучасны цір, прапануем навучаць школьнікаў цалкам бясплатна. Мы стараемся растлумачыць усё дзецям, мы зацікаўлены ў іх. Пры сустрэчы расказваем што за аўтамат, яго тактыка-тэхнічныя характарыстыкі і многае іншае. Дзеці ўжо наступным разам прыходзяць і самі нам распавядаюць пра зброю”, – распавёў Анатоль.

 

 

Новы цір нядаўна перайменавалі ў стралковы клуб. Створаны гэты клуб пры дапамозе Беларускага саюза афіцэраў і існуе ўжо больш за 10 гадоў, толькі раней быў у іншым месцы. Мэта яго – стварыць вучэбна-матэрыяльную базу для дзяцей, а таксама праводзіць у ціры ўрокі дапрызыўнай падрыхтоўкі.


“Мне больш падабаецца новы цір. Тут вялікі выбар зброі і праграм, ды і больш прыемна страляць, нават прыз можна выйграць”, – сказаў хлопец Андрэй.

 

Апошнім часам у Парк Жылібера падчас святаў прыязджае яшчэ адзін прыватны цір, які збірае немалую колькасць людзей. Калі старым цірам не зоймуцца ў бліжэйшы час, ён цалкам перастане быць запатрабаваным, хоць і мае багатую гісторыю. Гарадзенцы аддаюць перавагу якасці. Ёсць і тыя, хто не пашкадуе часу i паедзе ў спецыяльна падрыхтаваны цір “Дынама”, дзе ўсё арганізавана на прафесійным узроўні, а кошты даступныя. Там нават цяпер праводзяць турнір на працягу года сярод аматараў.