У летніку пад Гродна пачалася змена дла асаблівых дзяцей і іх бацькоў

|

Адпачынак для ўсіх

 

Магчымасць сабрацца ў летніку, пажыць сярод пахучых соснаў на беразе возера, пабавіць час у калектыве – найлепшы шанец на адпачынак. З гэтым згодны ўсе – і арганізатары, і самі адпачываючыя. “Вельмі добра, што дзеці праводзяць шмат часу на свежым паветры, ды яшчэ і з надвор’ем так пашанцавала”, – кажа Галіна Лемяшэўская, што адпачывае тут разам з дачкой.

 

 

У звычайным гарадскім жыцці выдзеліць на шпацыры больш за пару гадзін штодня мала каму ўдаецца. А хутка восень, калі з-за надвор’я часам увогуле можа не быць магчымасці выйсці на вуліцу. Тут жа  – прыемна глядзець, як дзеці радуюцца наваколлю – усё, ад шурпатай кары дрэва, па якой можна правесці рукой, да лебедзяў, што падплываюць зусім блізка да берага, дорыць ім новыя ўражанні і эмоцыі.

 

 

Для бацькоў “асаблівых” дзяцей адпычынак не менш важны і каштоўны: “Мамы  лічы 24 гадзіны ў суткі на працы і адначасова – часта застаюцца з праблемамі сам-насам”. Лагер жа дае шанец забыцца на пабытовы тлум і правесці час з людзьмі, якія цябе разумеюць і падтрымліваюць. ”Вельмі важна, каб мамы заставаліся здаровымі і добра сябе пачувалі. Калі маме добра, то і дзецям будзе больш камфортна”, – разважае Галіна  Шрамко, што прыехала ў лагер з дачкой Святланай.

 

 

“Калі думалі, як зрабіць адпачынак цікавым і для дарослых і для дзяцей, то вырашымі даць магчымасць усім адчуць сябе дзецьмі, – распавяла Ніна Пачывалава, выхавацелька летніка з Гарадзенскага аддзялення Чырвонага Крыжа. – Мамы і таты разам з астатнімі бяруць удзел ва ўсіх мерапрыемствах лагера – раніцай выходзяць на зарадку, днём – то іграюць у “Зялёным тэатры”, то ўдзельнічаюць у майстар-класах, то праходзяць спартыўныя выпрабаванні”.

 

 

А вечарамі ўсіх аб’ядноўвае музыка. Тут любяць паспяваць са  старажылам летнікаў, Вовам Жыравым, у нефармальнай абстаноўцы на лавачках ля корпуса, ці патанцаваць на дыскатэках.

 

 

“Каб вы бачылі, як танцуюць дзеці на вазках! Ці не больш актыўна, чым усе астатнія”, – распавядае валанцёрка Кацярына Макарэнка. Зараз з Дзімам Касцянецкім, таксама важатым-валанцёрам, яны працуюць у атрадзе, які сабраў дзяцей з сем’яў, што патрапілі ў складанае становішча. Яны распавядаюць, што дзеці ў лагеры хутка перазнаёміліся і здружыліся. “Цяжкімі былі хіба самыя першыя сустрэчы з людзьмі на вазках ці з іншымі асаблівасцямі”, – распавёў Дзмітрый. Далей, кажуць важатыя, сумесная праца ды асабісты прыклад тлумачаць лепш за словы. Дзеці хутка пачынаюць разумець, што варта не шкадаваць “асаблівых”, а ставіцца да іх як да роўных. Бо, калі падыйсці шчыра, кожны з нас мае свае “асаблівасці”.

 

 

Падобныя летнікі Чырвонага Крыжа праводзяцца ўжо трэці год, але зрабіць лагер інтэграцыйным гарадзенцы паспрабавалі ўпершыню. Прызнаюцца, хваляваліся, але выйшла як найлепш: “Калі ў першы вечар мы запыталі дзяцей пра ўражанні, то пачулі – хочацца пасядзець за камп’ютарам ці тэлевізарам, праз дзень яны казалі “хочацца, каб усе маглі стаць на ногі”, яшчэ праз дзень-другі мы пачулі “хочацца стаць валанцёрам” і “марым сюды вярнуцца”, – распавядае Ніна Пачываева. З досведу яна ведае, што калі людзі праводзяць пэўны час разам з тымі, хто мае інваліднасць, то разумеюць – яны такія ж як усе і перастаюць цурацца.

 

 

Валанцёры кажуць пра тое ж самае: “Дзеці больш не адводзяць вочы, а спяшаюцца дапамагчы – патрымаць дзверы, падкаціць каляску, падаць руку”. Бачна, што гэта робіцца шчыра і натуральна, і напэўна, такое стаўленне да людзей навакол захаваеццца і пасля лагера.

 

Пра тое ж сведчыць і досвед сямей, што не першы раз адпачываюць у летніку Чырвонага Крыжа. Сцвярджаюць – канчаецца змена, але не чалавечыя зносіны. “Па адпачынку трымаем сувязь паміж бацькамі, і дзеці праз скайп размаўляюць”, – распавядае Тамара Дзебела, што прыехала ў летнік з сынам Даніілам.

 

 

Да таго ж, са сканчэннем лета не заканчваюцца магчымасці сустракацца і карысна праводзіць час ужо ў горадзе. Ад верасня ахвотныя могуць удзельнічаць у мерапрыемствах, што арганізуе Цэнтр дзённага знаходжання Гарадзенскага аддзялення Чырвонага Крыжа. 

 


 

Фота валанцёраў летніка і аўтаркі