Рэклама замаскаваная пад кіно: як гарадзенскі фільм “Прататып” рыхтавалі быць рэкламай “Фроста”
Праблема – людзі не хочуць глядзець рэкламу
Рэкламнае відэа ў інтэрнэце людзі стараюцца не глядзець і пры першай магчымасці яго прапускаюць. Таму фірмы мусяць шукаць нестандартныя спосабы дагрукацца да аўдыторыі.
“Прататып” меў стаць такім рэкламным фільмам, які хацелася б паглядзець.
Прэм’ера стужкі адбылася 12 жніўня на YouTube, у сацсетках і ў кінатэатры. За першыя 10 дзён яго праглядзелі больш за 200 тысяч разоў. Большасць праглядаў – з Беларусі. У кінатэатры на прэм’еры частавалі вадой “Фрост”.
Як лічаць у “Амбер Фільм” – такі від рэкламы можа быць цікавы многім брэндам, а чым даўжэйшы фільм, тым больш рэкламы можна ў ім змясціць.
Назва не выпадковая
Стваральнікі стужкі палічылі, што назва “Прататып” можа мець папулярнасць дзякуючы аднайменнаму амерыканскаму фільму, які мае выйсці на экраны ў 2017 годзе. Магчыма, гэта дапамагло зачапіць дадатковую аўдыторыю, што чакае галівудскай прэм’еры.
Здымкі ад першай асобы – прызнанне поспеху “Хардкора”
Здымаць ад першай асобы вырашылі пасля поспеху ў пракаце фільма “Хардкор”. Толькі ў Расіі яго паглядзела больш за 712 тыс. чалавек, а мільёны глядзелі трэйлеры ў інтэрнэце. У “Амбер Фільм” разумелі, што фільм у такім жа стылі будзе глядзецца цікава.
Здымкі ў Гродне
Гродна выбралі для кропкавага павелічэння продажу вады “Фрост” у горадзе і вобласці. Таму ключавыя сцэны адбываюцца ў самых пазнавальных месцах горада.
Перахітрыць крытыку
Студыя “Амбер Фільм” была своеасаблівым “шчытом” ад негатыўных каментарыяў у бок кампаніі “Фрост”. У СМІ ролік прадстаўлялі як дэбют маладой кінакампаніі, каб працу ацэньвалі менавіта як мастацкіх фільм. Такім чынам удалося добра замаскіраваць рэкламу і пашырыць аўдыторыі.
Вынік – рэклама, якая прыцягвае
Гарадзенцам удалося стварыць рэкламу, якую гледачы не будуць прапускаць ці блакаваць, а наадварот – самі захочуць яе паглядзець.