Куды пайсці вучыцца, калі табе за 30? ТОП-7 адукацыйных прапановаў для дарослых у Гродне
1. Залатая прапанова для залатых людзей
Праграма Універсітэта Залатога Веку ўнікальная тым, што ніжняя планка ўзросту навучэнцаў тут абмежаваная лічбай 55, а верхнія абмежаванні адсутнічаюць. Мэтавая аўдыторыя “залатога ўніверсітэту” – людзі пенсійнага ўзросту.
Да выбару студэнтаў заняткі на курсах і клубах, дзе можна вывучаць замежныя мовы, падвысіць камп’ютарную граматнасць, стаць акторам тэатра, заняцца ёгай ці скандынаўскай хадой, фатаграфаваннем і шмат чым яшчэ. Сёлетні навучальны год прапануе каля 30 розных напрамкаў.
Гэта праграма навучання вылучаецца сапраўдным універсітэтскім падыходам – апроч адукацыі студэнты ладзяць сумесныя мерапрыемствы – ад канцэртаў да выцечак, праводзяць дабрачынныя акцыі, займаюцца валанцёрскай працай і удзельнічаюць у міжнародных навуковых канферэнцыях. Плануе дзейнасць універсітэта выбарная студэнтская Рада.
Сёлетні, восьмы, набор ва Універсітэт Залатога Веку будзе праходзіць ад 5 да 19 верасня.
Дадатковую інфармацыю аб праекце праекце можна атрымаць на сайце ўніверсітэта.
2. Веды маюць быць карыснымі – “Студыя карысных кампетэнцый”
Каля 30 прапановаў навучання ад гэтай установы тэматычна аб’яднаны ў шэраг “Студый”. Да прыкладу, Студыя творчасці прапануе курсы па вязанні спіцамі і гаплікам, маляванні ці вырабе аўтарскіх сутажных упрыгожванняў.
Лінгва-студыя запрашае вывучаць англійскую ці польскую мову па праграмах рознага ўзроўню складанасці, а ў Студыі прыгажосці і здароўя працуюць “Школа здаровай асанкі і натуральнага руху”, “Курс паспяховага жыцця” “Універсітэт жыцця для жанчын” і шмат іншых.
Апроч доўгатэрміновых курсаў гэта навучальная ўстанова праводзіць і заняткі кароткіх формаў – трэнінгі ці майстар класы. З актуальных прапановаў на сайце – трэнінг па стварэнні сайтаў на бясплатнай платформе і “Гарадзенскія майстэрні ведаў”. Унікальнасць апошняй прапановы ў тым, што кожны ахвотны можа заявіцца на ўдзел у майстэрнях не толькі ў якасці навучэнца, але і вядоўцы.
Заняткі на курсах пачынаюцца па камплектацыі навучальных груп. Больш даведацца аб прапановах студыі, выкладчыках і ўмовах навучання можна на сайце. Большасць прапановаў адносяцца да нефармальнай адукацыі – дыпломаў ці іншых сведчанняў “усталяванага ўзору” студыя не выдае.
3. Выйсці ў лідары дапаможа “Лідар”
Гарадзенскі філіял адукацыйнага цэнтра “Лідар” прапануе каля 20 навучальных праграм, што тычацца магчымасці набыць новую прафесію. Калі ёсць жаданне стаць поварам, візажыстам ці афіцыянтам – то на гэты адукацыйны цэнтр варта звярнуць увагу.
Частка прапановаў “Лідара” тычацца бізнес-адукацыі – тут дапамогуць стаць, напрыклад, спецыялістам па лагістыцы, адміністратарам гасцінічнага ці рэстараннага бізнесу альбо прапануюць курс для вадзіцеляў таксі. Па сканчэнні навучання выдаюць даведку дзяржаўнага ўзору і сертыфікат аб праходжанні навучання на англійскай мове.
Акрамя прафесіянальнай і бізнес-адукацыі цэнтр “Лідар” прапануе і шэраг творчых курсаў “для асабістага карыстання”. Cярод іх – кройка і шыццё ці лямцаванне з воўны.
Больш падрабязна даведацца аб прапановах цэнтра “Лідар” і запісацца на курсы анлайн можна на сайце навучальнай установы.
4. “Быть можно дельным человеком и думать о красе ногтей”
“Центр ногтевых технологий” з пачаткам навучальнага года пачынае набор у групы па падрыхтоўцы майстроў манікюра і педыкюра. Ёсць групы з дзённымі і вечаровымі заняткамі. Разам з курсамі цэнтр праводзіць шэраг семінараў, што тычацца розных сучасных тэхналогій прыгажосці – прапануць навучыць нарошчваць ці завіваць павеі альбо рабіць дэпіляцыю.
Больш інфармацыі пра навучанне сучасным пазногцевым тэхналогіям і актуальныя прапановы можна знайсці на старонцы Цэнтра ВКонтакте.
5. “Танцавала ў падваротні восень вальс-бастон”…
Гарадзенскія школы танцаў гатовы да восеньскіх набораў. Ірландскія і ўсходнія, фламенка і класіка – палітра сёлетніх прапановаў, куды гатовы ўзяць дарослых навучэнцаў, уражвае.
З пункту гледжання адукацыі танцы можна лічыць выдатным спосабам самапазнання і самаўдасканалення, пашырэння светапогляду і раскрыцця сваіх прыродных талентаў і здольнасцяў. Да таго ж, танец гэта магчымасць фізічнай актыўнасці і атрымання эстэтычнай асалоды. Найбольш папулярныя прапановы па навучанню танцам у Гродне можна знайсці на гэтай старонцы.
З новых прапановаў звяртае на сябе ўвагу курс класічнага балета, які анансуе Дом 46.
Калі ў дзяцінстве стаць балярынай не склалася, то паспрабаваць зараз самы час. Выкладаць на курсе будзе вядомая ў Гродне танцорка і акторка Вікторыя Бальцар. Запісацца можна па кантактах са старонкі.
6. “Што нам жыццё? Гульня” – “Партал” запрашае вучыцца гуляць у шахматы і маджонг
У Цэнтры адпачынку і развіцця “Партал” лічаць, што самым эфектыўным спосабам навучання з’яўляецца гульня. І няма розніцы чаму ў выніку трэба навучыць – гульня развівае патрэбныя ўсім якасці – стратэгічнае мысленне, навыкі аналізу, псіхалагічную ўстойлівасць і вытрымку.
Што да ўсходніх гульняў, якім аддалі перавагу ў гэтым навучальным сезоне, то шахматы здаўна лічацца сімвалам мудрасці, а маджонг, “сумесь даміно і покера”, дае шанец на такі азарт і буру эмоцый, што здыме любы стрэс. Аматары маджонга з “Партала” кажуць, што праз прынцыпы гэтай гульні можна навучаць бізнес-стратэгіям у любой галіне – ад лагістыкі да рэкламы. Але пакуль прапануюць хаця б навучыцца гуляць.
Добрым дадаткам да навучання ўсходнім гульням стане Чайная школа, дзе можна будзе навучыцца правільна і прыгожа гатаваць чай і засвоіць правілы кітайскай чайнай цырымоніі.
Сачыць за прапановамі Цэнтра развіцця і адпачынку “Партал” зручна праз старонку ВКонтакте.
7. Бізнес замест кахання? 9,5 тыдняў па-гарадзенску
За такі тэрмін абяцаюць правесці ад ідэі да запуска бізнеса навучэнцаў гарадзенскай старт-ап школы. Навучэнцаў чакае інтэнсіўнае праца – бізнес-гіпотэзы, тыповыя кейсы і дзелавыя гульні запоўняць вечары пад завязку. Акрамя гэтага абяцаюць яшчэ і шмат хатняй працы па задуманых праектах, так што сумаваць дакладна часу не хопіць.
Да навучання дапусцяць 10 каманд. Яны будуць сфарміраваныя на першым занятку.
Даведацца больш пра умовы ўдзелу, экспертаў-выкладчыкаў і меркаваныя вынікі старт-ап школы можна на старонцы праекта.
***
Ведаеце яшчэ навучальныя курсы для дарослых у Гродне? Пішыце ў каментарыях і мы дадамо інфармацыю пра іх!
Поспехаў усім у новым навучальным годзе!
Першае і апошняе фота: getbg.net