Лёс скарбу, які знайшлі ў Гродне зімой, яшчэ не вырашаны

|

Як будаўнікі, гэтак і ўладальнік дома, дзе знайшлі скарб, дагэтуль чакаюць сваю законную частку. Яшчэ зімой яны даведаліся, што калі скарб не прызнаюць гістарычнай каштоўнасцю, то нікому нічога не заплацяць.


“Мне ніхто нічога не паведамляў. У лютым як забралі на экспертызу, так і дагэтуль няма інфармацыі. Я чакаю адказу, бо адразу ж паабяцаў рабочым аддаць іх частку, а другую ў дзіцячы дом. Сабе пакідаць нічога не планую, але важна каб гэтае пытанне вырашылі справядліва”, – сказаў ўладальнік будынка Валянцін Быкоўскі.


“Золата мерцвякоў”. Чаму на вуліцы Антонава ў Гродне знаходзяць скарбы?

 

Знойдзены скарб шэсць месяцаў беражліва захоўваюць у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, але пра далейшы яго лёс сказаць ніхто нічога не можа. Супрацоўнікі музея па адказ прапанавалі звярнуцца ў вышэйстаячыя органы.

 

У аблвыканкаме распавялі, што скарб з жоўтага металу (4 кальца і 13 манет) знаходзіцца на часовым захоўванні ў музеі. Таксама ў аддзеле ідэалогіі адзначылі, што яшчэ не прыйшоў адказ з Міністэрства культуры. Паводле ацэнкі фондава-закупачнай камісіі музея, знойдзены скарб ўяўляе гістарычную каштоўнасць, бо належаў, верагодней за ўсё, жыхару Гродна, якога спасціг трагічны лёс падчас Другой Сусветнай вайны.

 

Ці быў гэты чалавек жыхаром Гродна, цяжка сказаць. Напрыклад, некалькі гадоў таму пры дэмантажы суседняга дома былі знойдзены ў падвале сямейныя рэліквіі адной габрэйскай сям’і. Аказалася, што рэчы належалі вязням гета №2, якіх прывезлі ў Гродна з Аўгустова. Так што сцвярджаць, што знойдзены скарб схаваў гарадзенец, пакуль не варта.

 

 

У доме, дзе знайшлі скарб, будаўнікі плануюць скончыць працу да канца 2016 года.

 

У аблвыканкаме далі зразумець, што цяпер прапрацоўваецца пытанне аб наданні знаходцы статуса гісторыка-культурай каштоўнасці і разглядаецца пытанне аб выплаце ўзнагароджання асобам, якія выявілі скарб. 

 

Калі знаходку прызнаюць гісторыка-культурнай каштоўнасцю, то вялікая верагоднасць таго, што яна застанецца ў Гродне, вось толькі дзе яе будуць захоўваць і выстаўляць, застаецца пад пытаннем. Было б лагічна аддаць скарб у музей габрэяў Гродзеншчыны, які знаходзіцца ў сінагозе. Але маленькі музей яшчэ не прыстасаваны да такіх каштоўных экспанатаў.