Вагоны раскручваць не будуць? У Гродна прыехаў цягнік з Кракава – з праваднікамі i камерамі

|

“Наш вакзал зноў пачынае адпавядаць свайму міжнароднаму прызначэнню. На першы маршрут Гродна-Кракаў прадалі 60 квіткоў. Я лічу, што для старту гэта выдатна. Цэны ўсталёўвалі абодва бакі, для гарадзенцаў, магчыма, трохі дарагавата да Кузніцы будзе, але да Беластока, Варшавы і Кракаў – цалкам нармальная цана”, – адзначыў начальнік чыгуначнага вакзала i станцыi “Гродна” Аляксандр Сакалоўскі.

 

Новы цягнік мае два вагоны, разлічаныя на 144 месцы. Пры неабходнасці бакі будуць разважаць павелічэнне складу цягніка. Магчыма, гэтай тэмай зоймуцца ў снежні, калі цягнікі будуць пераходзіць на новы расклад.

 


Як будуць змагацца з кантрабандыстамі?

 

У кожным вагоне будуць праваднікі, якія павінны не даваць кантрабандыстам раскручваць вагоны. Таксама ў вагонах ёсць камеры відэаназірання. Раней менавіта з-за пастаяннага раскручвання вагонаў у Гродна хадзілі самыя кепскія электрычкі.

 

Новы Генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк шмат чуў пра праблему з кантрабандыстамі ў Гродне. Ён хоча верыць, што ў новым цягніку не будзе таго, што было раней.


“Цяпер у нас новы цягнік – рэгулярны, камфортны, хуткі. Мне было незразумела, чаму не было такога дагэтуль. Гэта не нармальна. Новы цягнік – пачатак сувязяў Гродна з польскімі гарадамі і няхай гэта развіваецца далей. Магчыма, у будучыні паедзем і ў Гданьск, і ў іншыя гарады Польшчы, але над гэтым трэба працаваць”, – адзначыў генеральны консул.

 

Дарэчы, жонка консула бліжэйшым часам плануе таксама апрабаваць новы цягнік і перабрацца ў Гродна.

 

Не ўсе пасажыры цягніка настроены настолькі ж аптымістычна, як консул. Гэтак, адзін з гарадзенцаў, які праехаўся першым рэйсам, заўважыў, што кантрабандысты ўжо раскручваюць вагоны. Гэта бачаць і кандуктар, і беларускі памежнік, але нічога не робяць. Іншы ж пасажыр заўважыў, што гэта мае быць “азнаямляльная паездка” для кантрабандыстаў.

 

Сустрэў першы цягнік Кракаў-Гродна, а зараз на ім паеду ў Беласток. У спіртавозаў сёння першая “ознакамительная” паездка.

Posted by Viktar Kontar on Sunday, September 4, 2016

 

 

Цана квiтка з Гродна ў адзін бок да Кузніцы складае 13,33 руб, да Беластока — 16,39 руб, да Варшавы – 34,31 руб, да Кракава — 46 рублёў 77 капеек.