Дзень беларускага пісьменства адзначылі ў гарадзенскім Свята-Пакроўскім саборы

З самай раніцы ў саборы прайшла літургія на беларускай мове, якую ўзначаліў настаяцель протаіерэй Георгій Рой у саслуженні клірікаў храма. Пасля святочнага набажэнства ў бібліятэцы сабора іерэй Павел Каспяровіч арганізаваў прэзентацыю палічкі з беларускай духоўнай, гістарычнай і мастацкай літаратурай.


“Мы сабралі розныя кнігі і выданні на родная мове. Там можна было ўбачыць сучасную копію Бібліі Францішка Скарыны. Таксама было прадстаўлена шмат кніг па праваслаўным іканапісе і архітэктуры. Былі і ўспаміны гарадзенцаў аб рэпрэсіях. Вядома ж, была выстаўлена вялікая колькасць выданняў народных паэтаў Беларусі. Усё гэта і многае іншае можна будзе знайсці ў нашай царкоўнай бібліятэцы”,– сазаў Павел Каспяровіч.

 

 

Вечарам у актавай зале ў будынку насупраць сабора прайшоў духоўна-літаратурна-музычны вечар “Рэлігійныя матывы ў творчасці народных паэтаў Беларусі”.

 

Існуе стэрэатып, што ўсе беларускія народныя паэты савецкага часу не закраналі тэму Бога і царквы ў сваіх творах, але насамрэч гэта не так.

 

Паэт Анатоль Брусевіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры польскай філалогіі ГрДУ, на вечары распавядаў пра творчасць Янкі Купалы і адзначыў, што ў горадзе не так шмат пляцовак, дзе можна агучыць свае думкі і разважанні.


“Релiгiйныя матывы важныя ў творчасці народных паэтаў Беларусі, іх было досыць шмат. Доўгі час тэма была пад забаронай, але нават сёння неяк па інэрцыі гэтая тэма мала асветленая. Таму ідэя такога вечара, дзе гучалі б творы ўсіх народных паэтаў Беларусі на рэлiгiйную тэматыку, вельмі важная. Я распавядаў пра першага народнага паэта Беларусі Янку Купалу. Гэта імя даследавалася добра, але мала ў плане хрысціянства. Тэма цікавая і актуальная і пра гэта трэба казаць, бо вытокі беларускага пісьменства і літаратуры – у хрысціянстве”.


 

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца з 1994 года і праводзіцца з мэтай прапаганды лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа.