Стары нямецкі раяль, які летась “знайшлі” ў Гродне, застаецца ў школе мастацтваў
У жніўні 2015 года пазапланавая дзяржаўная праверка выявіла ў дзіцячай школе мастацтваў стары нямецкі раяль фірмы Grotrian-Steinweg 1915 года выпуску. Інструмент больш за 10 гадоў знаходзіўся ў музычнай школе без належных дакументаў. Пазней стала вядома, што раяль прывезлі ў школу з Дома афіцэраў, дзе яго збіраліся выкінуць на сметнік.
У Гродне нікому непатрэбны раяль раптоўна стаў гістарычнай каштоўнасцю
За гады, якія інструмент знаходзіцца ў школе, яго не толькі прывялі да ладу, але і прыстасавалі, каб даваць на ім урокі.
Спецыялісты Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея ацанілі знаходку ў 18 тысяч долараў. Раяль мае нумар 37 810, а гэта значыць, што было выпушчана не менш экземпляраў.
“Непрыемная сітуацыя была год назад. Знайшлі інструмент, але яго ніхто і не хаваў – кожны дзень на ім займаліся дзеці. Проста ніхто не ведаў, што яго шукалі. А нехта камусьці на вушка шапнуў, што раяль у нас, дык прыйшлі і апячаталі інструмент. А мы ж 12 гадоў таму выратавалі інструмент, далі яму другое жыццё, уклалі грошы, – сказаў дырэктар школы Генадзь Жалязняк. – Раяль і зараз знаходзіцца ў нашай школе і на ім займаюцца дзеці. Цяпер шукаем запчасткі. Інструмент – не гісторыка-культурная каштоўнасць. Ён стары, але такіх асобнікаў было выпушчана вельмі шмат. На маю думку, усе музычныя інструменты павінны знаходзіцца ў музычных школах, бо там заўсёды ёсць плынь дзяцей”.
У 2015 годзе школа мастацтваў прыняла 640 чалавек, у гэтым годзе – 725. Дырэктар адзначае, што дзецям трэба займацца, таму тут імкнуцца прымаць любыя інструменты і ўсімі магчымымі спосабамі прыводзяць іх у добры стан.
“Мы і зараз збіраем інструменты па ўсім горадзе. Нехта ў дар аддае, нехта прадае за сімвалічную суму. У гэтым годзе падарылі адно фартэпіяна. Колькасць дзяцей расце, у нас з’яўляюцца філіялы. У школе няма вялікіх грошай на рэканструкцыі, але мы паступова прыводзім старыя інструменты ў належны стан і даем ім другое жыццё”.
Дарэчы, у школе працуе лепшы наладчык клавішных інструментаў у горадзе Юры Салей.