100 км па вадзе: бурмістр Аўгустова прыбыў на дзелавую сустрэчу ў Гродне на спартыўнай байдарцы

|

Мэта паездкі – вывучэнне турыстычнага воднага маршруту ад Аўгустова да Друскенік.


“Такая рэкламная паездка была запланаваная яшчэ тры тыдні таму, калі мы з бурмістрам Аўгустова абмяркоўвалі пытанні трансгранічнага супрацоўніцтва. Гэтым сплавам мы паказалі, што такое Аўгустоўскі канал і што такое Нёман. Спадзяюся, пасля ўступлення ў сілу ўказа прэзідэнта, Аўгустоўскі канал стане наведваемым і больш цікавым для бізнесменаў”, – сказаў Мечыслаў Гой.

 

 

Войцех Валюлiк асабіста хацеў паглядзець увесь маршрут, а таксама абмеркаваць з беларускімі калегамі сумесныя праекты. На наступны дзень, 7 верасня, кіраўнікі гарадоў падпішуць пагадненне па трансгранічным супрацоўніцтве. У першую чаргу гаворка ідзе аб праекце будаўніцтва двух веласіпедна-пешаходных мастоў над рэкамі Нетта ў Аўгустове і над Нёманам у Гродне.

 

Войцех Валюлік


“Мы вельмі шчаслівыя прыплыць у Гродна. Упершыню ў гісторыі нашых гарадоў і Аўгустоўскага канала на спартыўных байдарках кіраўнік горада прыплыў з Польшчы ў Беларусь. Нёман рака хоць і складаная, але вельмі прыгожая. Я лічу, што гэта толькі пачатак і мы будзем у будучыні мець шмат добрых агульных спраў. Аўгустоўскі канал – унікальнае месца, ён аб’ядноўвае Польшчу, Беларусь і Літву. Мы вельмі ўзрадаваліся, калі даведаліся, што прэзідэнт Беларусі падпісаў указ і ўжо хутка можна будзе падарожнічаць тут без віз”, – адзначыў Войцех Валюлiк.

 

Бурмістру і яго камандзе спатрэбілася 3,5 гадзіны, каб дабрацца ад шлюзу Дамброўка да цэнтра Гродна супраць плыні. Агулам з Аўгустова да Гродна трэба было плыць каля 100 км. Далей да Друскенік – яшчэ 70 км.

 

 

Прафесійныя спартсмены з каманды бурмістра – чэмпіёны свету і прызёры Алімпіяды – распавялі, што нават ім на некаторых участках Нёмана было складана плыць. Яны адзначылі, што аднаму чалавеку сплаўляцца на байдарцы па гэтым маршруце непажадана. Самы аптымальны варыянт – чацвёркай. А вось у зваротным кірунку, па плыні, можна плыць і аднаму.

 

Нагадаем, у кастрычніку гэтага года на тэрыторыі Аўгустоўскага канала афіцыйна ўступіць у сілу бязвізавы рэжым. Але сёлета на паток турыстаў кіраўнікі гарадоў ужо не разлічваюць. Яны плануюць, што маршрут стане запатрабаваны ў 2017 годзе.