У Беластоку з’явіліся новыя гарадскія аўтобусы – з wi-fi і зарадкамі для мабілак

|

Мадэль адрозніваецца ад папярэдніх “Салярысаў” не толькі сваім дызайнам, але і абсталяваннем унутры. Іх папярэднікі ездзяць па вуліцах Беластока ўжо больш за 10 гадоў. Новы варыянт – палепшаная, больш камфортная версія. У ёй выкарыстаная новая тэхналогія мантажу, больш лёгкая і жорсткая канструкцыя, камфортны ўваход, маніторынг і кандыцыянеры. Рухавікі новых аўтобусаў адпавядаюць еўрапейскім нормам звязаным з аховай навакольнага асяроддзя, дызайн забяспечвае камфортны перавоз ровараў.

 

 

Як адзначыў у размове з poranny.pl намеснік прэзідэнта Беластоку Роберт Юзьвік, новыя аўтобусы павінны заахвоціць пасажыраў карыстацца грамадскім транспартам настолькі, што яны не захочуць больш вяртацца ў свае самаходы.

 

 

Дарэчы, першыя новыя аўтобусы выехалі на вуліцы горада на месяц раней, чым планавалася. Ужо ў кастрычніку маюць з’явіцца чатыры наступныя аўтобусы гэтай мадэлі, а ў снежні – новыя мадэлі аўтобусаў Mercedes. Аўтобусы беластоцкай гарадской камунікацыі – адныя з самых сучасных у Польшчы.