Хто ведае пра кроў больш за Дракулу? Хірург-трансфузіёлаг Уладзімір Пруднікаў з дзіцячай бальніцы

|

Сучасная класіфікацыя крыві налічвае, апроч агульнавядомых чатырох груп і двух рэзус-фактараў, яшчэ 64 сістэмы групы, каторыя трэба браць пад увагу пры падборы донарскага матэрыялу. Таму зараз кроў для пералівання падбіраюць па сумяшчальнасці. Спачатку – тэарэтычна, па групе і рэзус фактару. Пасля – практычна.

 

Для гэтага сываратку крыві пацыента змешваюць з эрытрацытамі крыві донара. Калі тэарэтычна кроў пасуе, але сумяшчэння няма, падбор працягваюць з улікам наяўнасці ці адсутнасці антыгенаў на эрытрацытах – па так званых сістэмах Kell і MNS. Калі пераліць кроў іншай групы, то імунная сістэма можа зрэагаваць моцна і небяспечна. Напрыклад, справакаваць вострую ныркавую недастатковасць.

 

Кантроль на групавую прыналежнасць донарскай крыві – група другая (Фота Уладзіміра Пруднікава)

 

Асабліва важны правільны падбор крыві для пацыентаў-немаўлят. Для іх часта трэба браць пад увагу яшчэ і групу крыві маці, бо групавыя ці рэзус-канфлікты могуць назірацца яшчэ ў час цяжарнасці. Гэтым займаецца менавіта хірург-трансфузіёлаг. Але тым яго абавязкі не абмяжоўваюцца.

 

“Пераліванне крыві гэта таксама аперацыя. Фактычна – перасадка іншароднай арганізму тканкі. Таму ўсё выконваецца па класічных канонах транспланталогіі”, – тлумачыць Уладзімір Пруднікаў. І пад час аперацый яго праца працягваецца. Трэба пільна сачыць за станам хворага: “Чалавек – складаная сістэма і цалкам выключыць усе рызыкі немагчыма. Рэакцыя арганізма на ўвядзенне чужароднай тканкі можа быць вельмі рознай – колькі людзей, столькі і варыянтаў. Часам замест чаканага эфекту назіраецца зусім іншы”.

 

Што да немаўлят, якія трапляюць у хірургічнае аддзяленне, то іх лячэнне часта патрабуе інтэнсіўнай тэрапіі і замяшчэння крыві. Калі ж ёсць яшчэ і несумяшчальнасць з крывёй маці – гемалітычная хвароба, то пасляаперацыйныя рызыкі і ўвогуле рызыка для жыцця значна павышаюцца. Такія сітуацыя патрабуюць асобага кантролю, каб рукамі лекараў не стварыць дадатковай небяспекі.

 

Пад час аперацыі: ажыцяўляецца доступ да хворага органа (Фота Уладзіміра Пруднікава)

 

Магчымасць дакладна падабраць кроў для кожнага пацыента забяспечвае наяўнасць “банкаў крыві”, што ствараюць на станцыях пералівання. “Там робяць забор крыві ад донараў, правераюць яе на адсутнасць хвароб, вырабляюць розныя кампаненты крыві і фасуюць у спецыяльныя ёмкасці”. Надалей кроў выкарыстоўваюць, умоўна кажучы, ананімна. Чалавек, якому зрабілі пераліванне, ніколі не даведаецца, хто канкрэтна падзяліўся з ім крывёю. І удзячнасць можна выказаць толькі абстрактнаму добраму чалавеку, ці проста ўсім донарам, што дабраахвотна ахвяруюць дзеля іншых частку сябе.

 

Выключэннем з правілаў могуць быць толькі пацыенты, што маюць рэдкія спалучэнні антыгенаў, калі з усяго банка для іх пасуе толькі кроў аднаго ці двух донараў. У такіх выпадках інфармацыя пра донара запісваецца ў гісторыі хваробы пацыента, каб пры тэрміновай неабходнасці лекар ведаў, чыю кроў трэба шукаць.

 

Забор крыві ў донара (фота са старонкі)

 

Што да магчымасцяў выкарыстання мужчынскай ці жаночай крыві, то гэта не залежыць ад полу хворага. “Эрытрацыты храмасомаў не маюць, бо гэта бяз’ядравыя клеткі, яны аднолькавыя у прадстаўнікоў абодвух палоў. А вось лейкацыты крыві маюць ядры і па іх можна вызначыць пол донара. Аднак, як і ў транспланталогіі, на сумяшчальнасць пацыента з донарам пол не ўплывае”.

 

Няма навуковых падстаў думаць, што пасля пералівання кроў донара можа паўплываць на характар чалавека, мяркуе Уладзімір Пруднікаў. “Такія домыслы грунтуюцца толькі на прымхах і забабонах, якія надавалі крыві магічныя рысы і нават сцвярджалі, што ў ёй утрымліваецца душа чалавека. Насамрэч, эрытрацыт жыве ў арганізме толькі 6 месяцаў. Пасля селязёнка выпрацоўвае новыя, ужо ўласныя эрытрацыты, і слядоў іншага чалавека ў арганізме не застаецца”.

 

Чырвоныя кравяныя цельцы – эрытрацыты (Фота са старонкі)


Калі ж працягваць тэмы міфаў і забабонаў вакол крыві, то, прызнаецца Уладзімір, параўнанні з вампірам гэта вечная тэма сяброўскіх жартаў. З гэтым хірург-трансфузіёлаг ужо звыкся і ставіцца з гумарам. Аджартоўваецца, што пад класічнае вызначэнне вампіраў трансфузіёлагі не патрапляюць. Яны не спажываюць кроў, а толькі падбіраюць для іншых. Аднак, кажа, “калі б давялося сустрэцца з графам Дракулам, то знайшлі б агульную тэму для размовы”.

 

***

 

Каб стаць трансфузіёлагам, трэба найперш мець спецыяльнасць хірурга ці анестэзіёлога-рэаніматолага, а пасля прайсці дадатковы курс у медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Сам Уладзімір скончыў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Педыятрыя”. Дзіцячай хірургіяй зацікавіўся яшчэ пад час навучання. Кажа, “было жаданне выратаваць увесь свет і дапамагчы ўсім дзецям, асабліва тым, каму не пашчасціла нарадзіцца здаровымі”. Прапанову “давучыцца”, каб атрымаць рэдкую ў хірургіі спецыяльнасць трансфузіёлага, прыняў ахвотна, бо заўжды меў жаданне развівацца і атрымліваць новыя прафесійныя веды. Зараз ён адзіны на ўсю абластную дзіцячую бальніцу лекар такой спецыялізацыі.