У бітвах за Імперыю. Як гродзенцы змагаліся і гінулі за “русский мир”

|

У армію на чвэрць стагоддзя

 

У часы Рэчы Паспалітай сялян у войска не бралі, а вось першае вызваленне з-пад “панскага прыгнёту” ў 1772, 1793 і 1795 гг. (даты падзелаў) было адзначана не толькі ўзмацненнем прыгонніцкай эксплуатацыі (замест падымнай-пахатняй подаці быў уведзены падушны падатак), але і ўвядзеннем рэкрутчыны.

 

Калі вы былі прыгонным селянінам і вас прызначалі на адпраўку ў рэкруты, то вы назаўсёды развітваліся з роднымі, жонкай і дзецьмі (калі паспелі ажаніцца) і мусілі ўсё жыццё бараніць імперыю і заваўёваць для яе новыя землі хоць у Персіі, хоць у Маньчжурыі, хоць у Туркестане.

 

Служба ў расійскай арміі была безтэрміновай – мінімум 25 гадоў. І нават калі вам і ўдавалася некалі вярнуцца дахаты – то ўжо змучаным жыццём інвалідам, які не меў ні зямлі, ні сям’і, ні грошай. А з 1820-х гг. у рэкруты пачалі браць і яўрэяў, большасць з якіх жыла на землях былой Рэчы Паспалітай. Яўрэйскіх хлопчыкаў-кантаністаў (пачынаючы ад 12 гадоў) прымушалі прымаць хрысціянства, збівалі, насільна кармілі свінінай.

 

Балгарам пад турэцкім прыгнётам жылося лепей

 

Царская армія была ўніверсальнай школай русіфікацыі. Калі, да прыкладу, у аўстрыйскай арміі афіцэры-немцы мусілі ведаць чэшскую, харвацкую або ўкраінскую мову, дык у расійскай арміі ўсе – яўрэі, беларусы, палякі, малдаване або татары – мусілі навучыцца гаварыць па-расійску. Там, дзе быў рускі штык, з’яўлялася з часам руская школа, царква і ўсе атрыбуты расійскай самадзяржаўнай улады.

 

 

Толькі ў 1796–1799 гг. у расійскае войска ўзялі 49 тысяч беларусаў, а з 1801 да 1812 года – 130 тысяч. Па самых прыкладных падліках беларусы ў ХІХ ст. складалі не менш 25% жаўнераў расійскай арміі. Калі ўлічыць, што ўкраінцаў было не менш за 35% то на ўласна расійцаў ды расійскіх “інародцаў” прыходзіцца не больш чым 40% ад агульнай колькасці расійскіх салдат.

 

Беларусы баранілі Севастопаль у 1855 годзе, пераходзілі Балканы ў 1878 г., займалі Туркестан у 1880-х гг. Тыя, хто вярнуўся з войнаў другой паловы ХІХ ст. (тады рэкрутчыны ўжо не было, у войску служылі “ўсяго” 5-7 гадоў), расказвалі аднавяскоўцам пра чужыя краіны, згадваючы, што, напрыклад, балгарам, якіх расійская армія вызваляла з-пад турэцкага прыгнёту, па іх сялянскім разуменні жылося куды лепш, чым беларускім сялянам пад уладай праваслаўнага рускага цара.

 

 

Гінулі ў Маньчжурыі, і ў Будапешце

 

Найбольш мы ведаем пра ўдзел гродзенцаў у руска-японскай вайне. У гродзенскім Пакроўскім саборы на сценах дасюль вісяць шыльды з імёнамі афіцэраў і “ніжніх чыноў”, якія загінулі ў далёкай Маньчжурыі. Сярод іх не толькі беларусы ды расійцы, але і палякі. Напрыклад, у гродзенскай гімназіі вучыўся будучы мічман расійскага фолота Юрый (Ежы) Вілкавіцкі, які пасля прайгранай бітвы пры Цусіме на прапанову контрадмірала Небагатава выкінуць белы сцяг сказаў, што трэба біцца да канца, а пасля ўзарваць карабель.

 

Пасля Першай сусветнай вайны Гродзеншчына на нейкі час выпала з зоны ўплываў Расіі, а першым лакальным канфліктам пасля Другой Сусветнай вайны, дзе загінуў ураджэнец Гродзеншчыны, стала падаўленне Венгерскага нацыянальнага паўстання восенню 1956 г.

 

У баях у Будапешце загінула больш за паўтысячы савецкіх салдат, але паходзілі яны з большага з Закарпацкай вайсковай акругі, дзе беларусаў служыла вельмі мала. У спісах забітых значыцца толькі ўраджэнец мястэчка Мір Фларыян Найба, камандзір аддзялення 31-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Ён загінуў 6 лістапада 1956 г.

 

Жыццё за дактрыну Брэжнева

 

Затое гродзенцы бралі актыўны ўдзел у падаўленні Пражскай вясны 1968 г. У Чэхаславаччыну былі пасланы сотні частак Заходняй вайсковай акругі, якая ахоплівала Беларусь. Напярэдадні пахода па Гродне збіралі рэзервістаў і адпраўлялі ў часткі 30-й Іркуцка-Пінскай мотастралковай дывізіі, якая да 1968 г. акурат стацыянавала ў Гродне. Чэхаславакі не супраціўляліся так актыўна, як венгры, загінула не больш дванаццаці савецкіх салдат, але былі немалыя небаявыя страты

 

У Чэхаславакіі загінулі аж два гродзенцы – ураджэнец Лідчыны яфрэйтар Іван Віршыч і лейтэнант Станіслаў Суліма з Гродна. Абодва служылі ў 166-м матастралковым палку 30-й дывізіі. Першаму было 26 гадоў, другому 36 гадоў. З гэтага можна зрабіць выснову, што абодва былі рэзервістамі, якіх адарвалі ад сваіх сем’яў і паслалі выконваць дактрыну Брэжнева аб “абмежаванні суверэнітэту” краін, якія не асабліва ўжо хацелі быць сацыялістычнымі.

 

“Інтэрнацыянальны доўг”

 

У 1960-х – 1980-х гг. беларусаў пасылалі дапамагаць братнім народам, якія пажадалі будваць сацыялізм: і ў Афрыку, і ў Азію, і на Блізкі Усход. У пачатку 1980-х гг. у Эфіопіі загінуў лётчык са Свіслаччыны Уладзімір Піваварчык (СССР дапамагаў эфіопам ваяваць супраць Самалі), а яшчэ ў 1970-х гг. у Сірыі загінуў танкіст Валянцін Пяшко. Сірыя і Егіпет добра ўзбройваліся савецкімі танкамі і самалётамі, каб ваяваць з Ізраілем, у арміі якога таксама служыла нямала выхадцаў з Гродзеншчыны.

 

Тое былі кадравыя афіцэры, але праз 10 гадоў пасля Чэхаславакіі, у самым канцы 1979 года, савецкае кіраўніцтва прыняло рашэнне аб увядзенні войск у Афганістан. Дыскусіі аб тым, хто і пад чыім уплывам прыняў такое самагубчае для аўтарытэту СССР і эканомікі дзяржавы рашэнне, будуць весціся доўга, але фактам застаецца, што ў далёкай горнай краіне аказаўся вайсковы кантынгент больш чым з 120 тысяч чалавек, узброеных цяжкай артылерыяй, танкамі і авіяцыяй.

 

У Афганістан пацягнуліся як учарашнія школьнікі (іх прызывалі пад лозунгам выканання “інтэрнацыянальнага доўгу”), так і кадравыя афіцэры і супрацоўнікі МУС. Пры чым міліцыянераў ставілі перад фактам – камандзіроўка “за кардон” была фармальна добраахвотнай, з харошым заробкам, камандзіровачнымі і павышэннем у званні, але тым, хто адмаўляўся ехаць, намякалі, што чарговага павышэння ў БССР прыдзецца чакаць вельмі доўга.

 

Ніхто спачатку не ведаў, як будзе выглядаць вайна ў Афганістане. Міліцыянераў звычайна пасылалі суправаджаць канвоі, а наблага ўзброеныя маджахеды аткавалі іх. У адным з такіх баёў загінуў амаль з усімі сябрамі гродзенскі міліцыянер Віктар Юртаў. Ён быў толькі адной з першых страт афганскай вайны. Да вясны 1989 г. вясковыя могілкі Гродзеншчыны і самога Гродна напоўніліся помнікамі маладым хлопцам, якія загінулі ў Афганістане. Лічыцца, што праз пекла той вайны прайшло больш за 4 тысячы ўраджэнцаў Гродзеншчыны, з іх загінуў 71 чалавек.

 

“За рускую ідэю” паміралі і пасля СССР

 

Распад СССР і паўстанне незалежнай Рэспублікі Беларусь выратавалі гродзенскіх прызыўнікоў ад жахаў Чачэнскай вайны. Фільмы накшталт “Чысцілішча” або “Брат” успрымаліся нашай моладдзю ўжо як нешта далёкае. Служба ў роднай Беларусі, амаль у родным раёне, стала вялікай палёгкай і для маці тых, хто ішоў служыць.

 

Але Гродзенцы пачалі гінуць “за рускую ідэю” ўжо ў якасці добраахвотнікаў. Валерый Дзмітрыевіч Гаўрылін з ваколіц Гродна паехаў бараніць правы расіян у Прыднястроўі, а ўвосень 1992 г. перабраўся ў Боснію і Герцагавіну, каб ваяваць у шэрагах арміі Рэспублікі Сербскай. Больш за 2,5 гады добраахвотніка абміналі кулі, а ў красавіку 1995 г. яго забіў снайпер. Пахаваны Гаўрылін у Сербскім Сараеве.

 

Беларускае заканадаўства не дазваляе грамадзянам Беларусі браць удзел у канфліктах па-за межамі рэспублікі. Але ўраджэнцы гродзенцы працягваюць змагацца за інтарэсы Расіі ўжо як грамадзяне суседняй краіны. Так палкоўнік расійскай арміі, ураджэнец Гродна, Уладзімір Бекіш загінуў у Сірыі летам 2016 г.

 

Будзем спадзявацца, што больш ніхто ніколі не пашле сілай гродзенцаў ваяваць няведама куды няведама за чые інтарэсы. А вось бараніць цэласнасць і суверэнітэт рэспублікі трэба быць гатовым заўсёды.

 

Фота ілюстрацыйныя