“Кандыдатаў не ведаю” і “моладзь пускаць рана”. Што кажуць у Гродне пра выбары

|

Па стане на 11.00 наведвальнасць на выбарчых участках у цэнтры Гродна была не вельмі актыўнай, ішлі галасаваць пераважна пенсіянеры. Моладзі на участках не было відаць – магчыма, яшчэ ўсе спалі. Хтосьцi наогул палічыў за лепшае паехаць капаць бульбу, чым пайсці на выбары.

 

Як паведамляе выбаркам, у Гродзенскай вобласці датэрмінова, з 6 да 10 верасня, прагаласавала 32,75% выбаршчыкаў.

 

У памяшканнях участковых камісій рэгіёну ўсталявана каля 3 тыс. скрыняў для бюлетэняў, больш за 500 з якіх – празрыстыя. За ходам галасавання сочыць вялікая колькасць назіральнікаў. Традыцыйна, на участках арганізаваны выязны гандаль, культурныя і забаўляльныя мерапрыемствы.

 

align=”” width=”725″ height=”544″ >


Васіль, работнік культуры


– Не іду на выбары, бо ўвесь дзень на працы, а так бы пайшоў абавязкова. Ёсць такі жарт – калі б ад выбараў нешта б залежыла, іх бы забаранілі праводзіць. Але ўсё ж выбары праводзіць трэба абавязкова і даваць людзям шанец прабіцца “з мужыка ў паны”. На сённяшнi дзень я ведаю толькі аднаго кандыдата, і то не па сваёй выбарчай акрузе.



Вацлава Адамаўна, пенсіянерка


– Іду на выбары з добрым настроем. Але кандыдатаў не ведаю, бо вельмі дрэнная рэклама і агітацыя – наогул бязладдзе. Магчыма, прагаласую супраць усіх, бо нікога і нічога не ведаю, але абы каму свой голас аддаваць не буду. Сёння нават сыну сказала, што ісці на выбары трэба абавязкова, бо наш голас можа дапамагчы добраму кандыдату.



Вольга


– Я прагаласавала датэрмінова, бо пару дзён таму ішла з працы і вырашыла зайсці. Аддала свой голас за кандыдата, якога асабіста ведаю.



Ягор Паўлавіч, ваенны пенсіянер


– Іду на выбары, настрой выдатны. Будзем выбіраць самага лепшага кандыдата. Ужо наеліся абяцаннямі гэтых мясцовых старшыняў. Перад выбарамі абяцаюць рабіць тратуары і многае іншае. Але пасля выбараў яны ўсё забываюць. Такіх трэба гнаць, хай лепш ідуць рыбу лавіць на Нёман. Нам такія кандыдаты не патрэбныя. Моладзь яшчэ рана пускаць, хай яшчэ падрастуць. Сам жа аддам голас за жанчыну.

 

Прагаласаваць на выбарчых участках можна да 20:00 па пашпарце, пасведчанні дзяржслужачага, студэнцкаму або ваеннаму білету, пасведчанні пенсіянера або кіроўцы, даведцы з міліцыі, калі пашпарт згублены, а таксама пасведчанні аб інваліднасці.