Гарадзенскія танцоры далі “Рады” ў Бельгіі
Да ўвагі бельгійскіх гледачоў была падрыхтавана праграма працягласцю ў гадзіну. Яе складалі беларускія, казачыя, і цыганскія танцы і спевы. “Гледачы вельмі цёпла прымалі артыстаў, – распавёў Аляксандр Ігнаценка, адміністратар тэатра “Рада”. – Было відавочна, што такога тут раней не бачылі. Але танец, ён не патрабуе перакладу, яго паўсюль разумеюць”.
Здымкі з фэста сведчаць – бельгійцы скачуць разам з “Радай” у карагодзе, на уласным досведзе знаёмячыся са славянскай культурай.
Ансамблю з Гродна выпаў гонар адкрываць і закрываць фестываль. Паводле арганізатараў і гледачоў, калектыў стаў самай яркай падзеяй мерапрыемства. Раздзяліў тую думку і пасол Беларусі ў Бельгіі і Люксембургу Аляксандр Міхневіч – заехаўшы павітаць землякоў, ён застаўся, каб цалкам паглядзець іх выступ.
Раней замежныя гастролі “Рады” не сягалі далей суседніх краін – Літвы і Польшчы. Каб змагла адбыцца паездка ў Бельгію, “Раду” па просьбе Мечыслава Гоя падтрымаў валейбольны клуб “Камунальнік” – яны бясплатна выдзелілі артыстам свой аўтобус. Аплаціў выступ гарадзенцаў прымаючы бок. “Мы не толькі паказалі, як танчаць у Беларусі, але і прывезлі ў краіну валюту”, – адзначыў Аляксандр Ігнаценка.
Фота Eric Stuckmann