Квартал казармаў на вул. Чырвонаармейскай і Шчорса паўстаў яшчэ ў 1880-х як горад у горадзе. Фактычна, гэта была частка агромністага вайсковага комплексу, які цягнуўся ад сучаснай Азёрскай шашы ажно да праваслаўных могілак і Нёмну. Такім быў размах армейскага будаўніцтва ў часы Імперыі.
Пры цары тут месціўся Вяцкі пяхотны полк, пасля – мабільны шпіталь, у міжваенны перыяд – «легіянерскія казармы», замацаваныя за 71-м Лідскім пяхотным палком імя Нарбута. Трагічнымі сталіся ваенныя старонкі гісторыі казармаў: немцы арганізавалі тут 324-ы лагер для палонных чырвонаармейцаў.
За савецкім часам усё вярнулася «на кругі свая»: комплекс зноў занялі вайскоўцы.
«Вы яшчэ не бачылі дрэнных умоваў…»
Зараз будынкі расцярушаныя і не ўяўляюць сабой адзінага арганізму. Частка так і засталася за Міністэрствам абароны, частка пустуе, а недзе – жывуць людзі, казармы пераробленыя ў вялізны інтэрнат.
Казармы-інтэрнат па вуліцы Шчорса
У будынку па вул.Шчорса, 4, напрыклад, дагэтуль жыве 100 чалавек. Дзе-нідзе ля вокнаў прымацаваныя спадарожнікавыя антэны, унутры чутно пахі з агульнай кухні, у канцы даўжэзнага калідору – прыбіральні з дзіркамі ў падлозе. Жыццё тут захавалася толькі ў адным крыле, іншае пустуе.
Троху раней жыхароў перасялілі сюды з будынку насупраць, які адносіцца да вуліцы Чырвонаармейскай і зараз стаіць з забітымі дзвярыма – ён і выстаўлены на продаж. Размовы пра канчатковае высяленне, са словаў жыхароў, цягнуцца ўжо 15 год. Аднак выязджаць гатовыя не ўсе.
«Дрэнныя ўмовы?», – здзіўляецца кораткастрыжаны мужчына з цыгарэтай на ганку. – «Дык вы яшчэ не бачылі дрэнных умоваў. Тут зручна – цэнтр усё ж такі. А на будынкі ўжо заглядаўся Сямашка, уладальнік гасцініцы. Паглядзім, што з гэтага будзе».
У міжваенных казармах абжыліся бамжы
Калі падняцца па вуліцы Шчорса крыху вышэй і завярнуць направа, трапляеш нібы ў «зону адчужэння» з каркасамі вайсковых гаражоў ды травой у чалавечы рост. Тут жа – некалькі двухпавярховых будынкаў у стылі канструктывізму. Патынкаваныя, але з выразнымі цаглянымі элементамі, адпаведна модзе міжваеннай эпохі. За польскім часам тут стаяў 7-ы танкавы батальён, пра што сведчаць архіўныя здымкі.
У Гродне разбіраюць старыя казармы: выдатную стогадовую цэглу можа забраць сабе кожны
Былыя польскія казармы ў «зоне адчужэння».
З боку праспекту Касманаўтаў да «зоны адчужэння», якая была яшчэ нядаўна вайсковым гарадком, ужо падабраліся шматпавярховыя навабуды, таму лёс «сумнеўнага» кварталу, найхутчэй, ужо перадвызначаны.
«Варта зрабіць з казармаў ахоўную зону»
На думку гісторыка Андрэя Чарнякевіча, казармы на Шчорса напаткаў лёс усёй постсавецкай вайсковай сістэмы, якая прайшла праз масавыя спісанні і знішчэнні маёмасці. Пры гэтым гісторыка-культурніцкае значэнне раёну для гораду цяжка пераацаніць.
«Варта было б падыйсці комплексна і зрабіць з усіх казармаў ахоўную зону», – лічыць Чарнякевіч. – «Але ў нас нават могілкі старыя, унікальныя для Беларусі, у спіс помнікаў не ўнесеныя, а вы кажаце пра казармы. Для мяне дзіўна, што вайскоўцы тут трымаюць дыстанцыю, бо гэта аб’ект найперш вайсковай гісторыі».
Паводле гісторыка, вельмі верагодна, што казармы на Шчорса паўтораць лёс аналагічнага комплексу на праспекце Янкі Купалы. У 2013-м тыя будынкі таксама былі прададзеныя з аўкцыёну без абавязальніцтваў, а новы ўласнік проста зачысціў тэрыторыю, збудаваўшы гіпермаркет.
Чаму пашчасціла казармам на Дзяржынскага?
Пры гэтым, у Горадні існуе і пазітыўны прыклад стаўлення да вайсковай гісторыі, упісанай у архітэктуру. Казармы 101-га Пермскага палку на вуліцы Дзяржынскага, дзе зараз месціцца вайсковы шпіталь, маюць статус гісторыка-культурніцкага помніку і ахоўваюцца дзяржавай.
На думку Чарнякевіча, так сталася таму, што будынкі на Дзяржынскага больш навідавоку, бо знаходзяцца ў цэнтры гораду. Ды і шпіталь адтуль нікуды не выязджаў, таму стан аб’ектыўна лепшы. Такім чынам, горад у бліжэйшай перспектыве можа страціць каштоўныя помнікі, якім не пашчасціла з месцазнаходжаннем ды гаспадарамі.