У Гродне нагадалі пра зніклых апазіцыйных палітыкаў: акцыя доўжылася пяць хвілін
– Мы б хацелі прыцягнуць увагу грамадскасці да падзей, якія адбыліся 17 гадоў таму, і нагадаць, што гэтыя справы не маюць тэрміну даўнасці. Мы спадзяемся, што праваахоўныя органы ўсё ж такі разблытаць гэтыя выкраданні, – распавёў перад акцыяй кіраўнік аддзялення БСДП (Грамада) Кастрычніцкага раёна Гродна Анатоль Мышкевіч.
Актывісты вырабілі плакат з партрэтамі зніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага, Анатоля Красоўскага, а таксама раптам памерлага ў 1999 годзе Генадзя Карпенкі.
Удзельнікі акцыі выйшлі на вуліцу Савецкую.
Праўда, прастаяць мужчынам на цэнтральнай вуліцы Гродна доўга не ўдалося. Літаральна праз пару хвілін да іх падышоў супрацоўнік міліцыі ў цывільным, а крыху пазней яшчэ чалавек дзесяць. Пад’ехаў мікрааўтобус і пікетоўцаў забралі ў аддзяленне міліцыі.
Роўна 17 гадоў таму, увечары 16 верасня 1999 года, Віктар Ганчар і яго сябар Анатоль Красоўскі зніклі пры нявысветленых абставінах. У гэты дзень яны прыехалі ў лазню, размешчаную ў Мінску па вуліцы Фабрычнай, 20.
Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынку і селі ў “Джып-Чэрокі”, які належаў Красоўскаму.
Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах. Па факце знікнення пракуратурай Мінска распачата крымінальная справа.