“Сцеражыцеся “Аднакласнікаў!” Мінскі Тэатр юнага гледача паказаў у Гродне камедыю для дарослых
“Апошніх некалькі гадоў, пакуль ішла рэканструкцыя тэатра, рэпертуар тэатра “сціснуўся” і выязджаць на гастролі было цяжка”, – распавёў Аляксадр. Тым большую радасць акторам даставіла магчымасць наведаць Гродна. З тэхнічных прычын не любы спектакль можна прывезці ў іншы горад – трэба ўлічваць, што “стане” на мясцовай пляцоўцы, ці будзе на месцы адпаведнае абсталяванне. Таму прыходзіцца везці самае мінімалістычнае.
Камедыя становішчаў “Аднакласнікі” якраз добра дапасавалася да гарадзенскай сцэны. Да таго ж дала магчымасць артыстам бліжэй адчуць аўдыторыю: “У Мінску больш тэхнікі, паваротны круг. А тут – зала, сцэна і гледачы.”
“Мяркуючы па рэакцыі, спектакль спадабаўся. Мы маем досвед рознага ўспрыняцця гэтай п’есы. Гарадзенскія гледачы падаліся разумнымі і вытанчанымі”. Гэта, са словаў Аляксандра, прымушала “трымаць узровень” і працаваць на сцэне з поўнай аддачай. “Тут у тэатры лялек вельмі “магутны” ўласны рэпертуар – ад назваў на афішах дух пераймае і галава ідзе кругам”.
Што да пастаноўкі, прадстаўленай гарадзенцам, то Аляксандр Палазкоў апісаў “Аднакласнікаў” як п’есу пра “вар’яцкую лёгкасць існавання” і добрую нагоду пасмяяца, сабраўшыся разам.
У п’есе немагчыма не ўхапіцца за ружжо, а потым не ўхапіцца за розыгрыш. Павал (герой Палазкова) раптам даведваецца, што каханая жонка яму здраджвае з яго ўласным школьным сябрам, і што гэта не адзіны каханак жонкі. А ўсё праз тое, што раней вярнуўся з санаторыя. Пакуль героі дайшлі да ісціны і шчасце, нарэшце, вярнулася, на сцэне быў стрэл, “труп”, таямнічая незнаёмка і каханне з першага позірку. Глядзець на гэта з боку і праўда смешна.
“Лёгкая” весялосць таксама патрэбна ў тэатры, бо аб’ядноўвае гледачоў агульназразумелымі, смешнымі і пазнавальнымі сітуацыямі. “Будзёная штодзённасць – самая вялікая адзінота, перамагчы яе дае магчымасць тэатр”.
Гарадзенскі тэатр лялек актор параўнаў з драматычным тэатрам у Панявежысе, на прэм’еры якога з’язджаліся з усяго былога Саюза. “Да нас прыходзяць лепшыя гледачы, бо мы свайго гледача выхоўваем”, – узгадаў Аляксандр думку тамтэйшага рэжысёра Юозаса Мільцініса. Гарадзенскі тэатр лялек таксама “выхаваў” сваіх гледачоў і праз тое паўплываў таксама на цэлы горад. “Горад – гэта людзі. А ствараюць горад усе разам – і гарадскія ўлады, і архітэктура, і чысціня вуліц, і тэатр, мастацтва, канцэрты – усё разам працуе на горад. Нават сцены працуюць для людзей”.
“Галоўнае, што адчуў для сябе ў гродзенскім тэатры лялек – як добра, калі тэатр маленькі. Гэта дае адчуванне, што сюды прыходзяць перажыць нешта асаблівае і вельмі асабістае – гэта не стадыён”. Таксама артыст зазначыў, што гродзенскі тэатр і яго рэпертуар натхняе на працу і творчасць: “Пасля Гродна хочацца сыграць тое, што яшчэ не сыграна.”
Калі ж гарадзенцы будуць мець нагоду наведаць ТЮГ у Мінску, то Аляксандр раіць паглядзець, напрыклад, “Дзікае паляванне караля Стаха” па Караткевічу ці “Майго юнацтва крылы” паводле Куляшова, каб атрымаць больш поўнае ўражанняў аб тым, што зараз ставяць для юных (і не толькі) гледачоў.