Аляксандр Мілінкевіч: у верасні 1939 года стала больш Савецкага Саюзу, але не Беларусі
У роднай Гародні сёння свята. Выступы, канцэрты, шашлыкі. Уладныя ідэолагі вырашылі менавіта у гэты дзень адзначаць чарговую гадавіну першай ўзгадкі каралеўскага горада ў Іпац’еўскім летапісу.
Як у савецкай, так і ў сённяшняй Беларусі адзначаюць дату 17 верасня 1939 года, калі амаль уся тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе аднаго дзяржаўнага ўтварэння. Жахлівы парадокс: беларусы святкуюць пачатак Другой сусветнай вайны…
Якое значэнне мелі падзеі верасня 39-га? Што гэта было для беларусаў? Вызваленне Заходняй Беларусі ад “польскага гнёту” і ўз’яднанне народа ці сталінска-гітлераўская агрэсія супраць Польшчы і савецкая акупацыя Заходняй Беларусі?
Уз’яднанне беларускай зямлі, якое адбылося на самым пачатку вайны, безумоўна, было пазітыўнай і важнай падзеяй у гістарычным лёсе беларусаў у ХХ ст. Але яго нельга разглядаць асобна ад падзей Другой сусветнай вайны і палітыкі маскоўскіх уладаў у Беларусі.
І савецкая, і сёняшняя беларуская прапаганда здолелі шмат каго пераканаць у тым, што вайна пачалася не ў верасні 1939 года, а ў чэрвені 1941-га, што адзіным агрэсарам была нацысцкая Германія, што Чырвоная армія толькі вызваляла беларусаў і ўкраінцаў. Хоць памяць жыхароў Заходняй Беларусі аказалася мацнейшай за прапаганду. На пытанне, калі пачалася вайна, мясцовыя жыхары сталага веку адказваюць: “у верасні 39-га”.
Пытанне варта ставіць больш шырока: якое значэнне верасень 1939 года меў для Еўропы, для ўсяго свету?
Наша беларуская гісторыя – гэта толькі частка еўрапейскай і сусветнай гісторыі. Для беларусаў, як для ўсяго свету, верасень 39-га – гэта пачатак Другой сусветнай вайны, пачатак вялікай трагедыі.
Полымя гэтага пажару дашчэнту выпаліла беларускую зямлю. Сёння мы ўжо кажам, што загінуў амаль кожны трэці. І не толькі ад рук нацыстаў. Падзеі верасня 1939 года сталі наступствам падпісаных у жніўні ў Маскве тайных пратаколаў “пакту Молатава-Рыбентропа”, у выніку чаго і пачалася сусветная вайна. (Хацеў напісаць вядомага пакту, але палова жыхароў наўшай краіны пра гэта так і не ведаюць).
Гітлер і Сталін дзялілі Еўропу. Польшча стала першай ахвярай хаўруснікаў. Пры гэтым як Германія, так і СССР парушылі падпісаныя раней з Польшчай пакты аб ненападзе.
Безумоўна, беларуская нацыя мела права на ўз’яднанне. І яно адбылося б, раней ці пазней. Як адбылося ўз’яднанне польскай нацыі, раздрабнёнай у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII стагоддзя.
Савецкая прапаганда выкарыстала ідэю ўз’яднання Беларусі для распаўсюджвання сталінізму. І агітацыя часта спрацоўвала. У Заходняй Беларусі было шмат людзей, якія паддаліся на бальшавіцкую агітацыю. Але даваць свабоду беларускаму народу Крэмль не збіраўся.
Агульнавядома, што ў БССР была фасадная дзяржаўнасць, нэндза, ГУЛАГ, прымусовыя калгасы, вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі. Гэта закранула большасць сямей і нашу таксама: мая бабуля Вольга была выслана ў Казахстан і адтуль ужо не вярнулася.
Мы добра ведаем, што нельга ідэалізаваць і міжваенную Польшчу ў адносінах да беларусаў. Начальнік дзяржавы Юзаф Пілсуцкі спачатку шчыра абяцаў ім культурную аўтаномію і выступаў на мітынгу ў Менску на добрай беларускай мове.
У нас на Гарадзеншчыне паўстаў шырокі адраджэнцкі беларускі рух, у большасці вёсак былі ствараныя структуры Таварыства Беларускай Школы. Але хутка настроі уладнай эліты ў Варшаве змяніліся і яна пачала праводзіць палітыку асіміляцыі. Паспрыяла гэтаму і Масква, якая спрытна пачала ствараць камуністычныя арганізацыі з сеткі ТБШ.
Напрыканцы 1930-х гадоў у Заходняй Беларусі ўжо не засталося аніводнай беларускай школы, не прызнаваўся факт існавання беларусаў-каталікоў. Беларускае насельніцтва часта адчувала сябе людзьмі “другога гатунку”.
Мой дзед, якога звалі таксама Аляксандр Мілінкевіч, сын і ўнук рэпрэсаваных паўстанцаў 1863 году, быў адным з актывістаў беларускага руху на Гарадзеншчыне ў 1920-я гады і адсядзеў у польскай турме за сваю барацьбу за беларускае школьніцтва. І не дзіва, што частка беларусаў адгукнулася на абяцанкі камуністаў і ўрачыста вітала прыход Чырвонай арміі. Аднак гэтая радасць вельмі хутка змянілася расчараваннем, а потым спадзяваннем на тое, што бальшавікі прыйшлі ненадоўга.
Сапраўды, новая ўлада паводзіла сябе як акупанты. А як па-іншаму трактаваць тыя перамены, што яна прынесла?
Мае бацькі, што настаўнічалі у той час у Гародні часта ўспаміналі жахлівыя ночы, калі людзі чакалі чарговых арыштаў, і абавязковыя вузельчыкі з самым неабходным, якія рыхтаваліся з вечару.
Вядома, што ў нашым горадзе расстрэлы “ворагаў народа” адбываліся на тэрыторыі гарадской турмы і ў прыгарадным лесе “Пышкі”.
Вядома, што галоўнай ахвярай стала мясцовае польскае насельніцтва, але рэпрэсіі закранулі ўсіх.
Абвяшчаючы пра “вызваленне беларусаў”, савецкія ўлады знішчылі апошні магутны беларускі асяродак, які дзейнічаў у Вільні. Быў тайна арыштаваны і загінуў у ГУЛАГу “патрыярх” беларускага руху Антон Луцкевіч.
Нацыяналізацыя прамысловасці і гандлю абярнулася чэргамі і дэфіцытам амаль на ўсе віды тавараў і прадукты.
Вёска была прыціснутая падаткамі і ліквідацыяй “кулакоў”, пад якую папаў і мой другі дзед Іван Баран. Спачатку яго разам са старэйшымі сынамі сельскі камітэт беднаты вырашыў расстраляць як “контру”, але потым абмежаваліся канфіскацыяй усёй маёмасці.
Людзі, якія перажылі “першых саветаў”, з жартам казалі, што яны былі “добрыя”, бо хутка зніклі.
Ці можна сёння гаварыць пра “вызваленне”, пра вялікія поспехі ў развіцці эканомікі і культуры Заходняй Беларусі, а таксама пра “некоторые издержки командно-административной системы”?
Упэўнены, што ў верасні 1939 года стала больш Савецкага Саюзу, але не Беларусі.
Даведка ТС:
Аляксандр Мілінкевіч нарадзіўся ў 1947 г. у Гродне.
Шмат гадоў працаваў у купалаўскім універсітэце (1978-2000), быў намеснікам старшыні гарадзенскага гарвыканкаму (1990-1996), прэзідэнтам баскетбольнага клуба “Гродна-93” (1996-1997). Ачольваў абласное грамадскае аб’яднанне “Ратуша”, ліквідаванае ўладамі ў 2003 г.
У 2006 г. вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Узначальвае грамадска-палітычны Рух за Свабоду”.