Імя краязнаўцы Віктара Саяпіна ўнеслі ў Кнігу Славы Гродна

|

Рашэннем гарадзенскага гарадскога савета дэпутатаў ад 7 верасня 2016 года №127 у кнігу Славы горада Гродна акрамя краяведа Віктара Саяпіна былі ўнесены імёны Анатоля Нікіціна, які доўгі час кіраваў гарадскім Саветам дэпутатаў і прафесара медыцынскіх навук Міхаіла Ліса. На думку дэпутатаў, усе гэтыя асобы ўнеслі вялікі ўклад у развіццё розных сфер нашага горада.

 

 

– Вельмі прыемна, што мая шматгадовая праца па вывучэнні, даследаванні, папулярызацыі гісторыі горада, была адзначана такой высокай узнагародай, – сказаў Віктар Саяпін. – І мне прыемна, што гэта адбылося ў год 888-годдзя нашага выдатнага горада. Хацелася б павіншаваць усіх гарадзенцаў са святам і пажадаць гораду росквіту.

 

– Віктар Юр’евіч, якое гэта – быць у адным спісе з людзьмі, пра якіх самі калісьці пісалі?


– Шчыра, то мне не верыцца, што атрымаў такое прызнанне. Гэта высокая і адказная місія, яна накладае пэўныя абавязкі на мяне – працягваць даследаваць і вывучаць наш горад.

 

Што чакаць ад вас у бліжэйшы час?


– Зараз на тэлеканале “Наш горад+” ідзе тэлеверсія гарадзенскага календара. Да канца года спадзяюся, калі выдаўцы не падвядуць, выйдуць дзве значныя для горада кнігі. Першая будзе пра вуліцы Гродна – у цвёрдай вокладцы, якаснага выканання, там будуць таксама новыя вуліцы і дапаўненні. Другая кніга пра пасляваенныя годы, дзе я максімальна шырока паспрабаваў асвятліць усе бакі жыцця, дзейнасці, вучобы i працы гарадзенцаў.

 

Усяго ў Кнізе Славы Гродна зараз 30 імёнаў.