У Гродне стварылі ўласны брэнд кавы “Horodnia 1128”
Новы прадукт назвалі “Horodnia 1128”. У назве Вадзім не сумняваўся, бо любіць свой горад, жыве і працуе ў ім. На ўпакоўцы адлюстравалі абласны драматычны тэатр, паколькі з ім у большасці гарадзенцаў і асацыюецца горад.
“Працуем з пачатку гэтага года, спецыялізуемся на продажах зерневай кавы і ўстаноўцы аўтаматычных кавамашын. Маладой фірме цяжка напрацоўваць кліенцкую базу ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі на беларускім рынку кавы. Таму да нас прыйшла ідэя стварыць унікальны прадукт, сваю гандлёвую марку кавы, якая б не толькі вылучыла нас сярод канкурэнтаў, але і забяспечыла гарадзенцаў добрым, якасным прадуктам. У выніку доўгай карпатлівай аналітычнай работы сумесна з беларускім вытворцам мы распрацавалі адмысловы купаж кавы. Хочацца развеяць міф пра тое, што ў Беларусі не ўмеюць рабіць кавы”, – кажа Вадзiм.
Пакуль што прадукт не вельмі моцна запатрабаваны на гарадзенскім рынку: яго прадаюць праз інтэрнэт і ў дзвюх крамах – “Баторыя” і “Сонечны”.
Новы прадукт заўсёды цяжка прасоўваць, асабліва беларускую каву, лічыць Вадзім. Маўляў, калі спажывец бачыць на ўпакоўцы надпіс “выраблена ў Беларусі”, то да гэтага прадукту будзе ставіцца з недаверам і здзіўленнем – “кава ж у нас не расце”. Але тое самае можна сказаць і пра італьянскую, нямецкую ці галандскую каву, тлумачыць Вадзім.
“У гэтых краінах проста навучыліся абсмажваць зерне на найноўшым абсталяванні, кантраляваць усе стадыі вытворчасці і сачыць за якасцю прадукцыі”, – кажа хлопец.
Продаж гарадзенскай кавы пакрысе расце. “Мы пастаянна расказваем нашым патэнцыйным пакупнікам аб вытворчасці гарадзенскай кавы, праводзім дэгустацыі, невялікія рэкламныя акцыі – усё, што дапаможа спажыўцу даведацца пра нашую каву больш, пакаштаваць яе і, магчыма, зрабіць выбар на карысць “Horodnia 1128”.
Саму каву вырабляюць у Мінску, дзе фірма займаецца памолам зерня і сартаваннем.