На Беларускай АЭС з “тэхнічным візітам” пабывала Еўракамісія: абмяркоўвалі бяспеку

– Мы імкнемся развіваць супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, гэта тычыцца не толькі будаўніцтва Беларускай АЭС, але і аднаўляльнай і альтэрнатыўнай энергетыкі.

 

Што тычыцца атамнай электрастанцыі, то рэгулятар і заказчык паведамілі нам за два дні шмат звестак пра гэты праект. Усе адкрыта дзяліліся той інфармацыяй, якая ёсць на дадзены момант.

 

Герасімас Томас распавёў, што Еўрасаюз можа даць яшчэ большы аб’ём тэхнічнай падтрымкі для беларускага рэгулятара, калі гэта яму будзе трэба. Два дні еўрапейскія спецыялісты расказвалі беларускім калегам, як ЕС праводзіць стрэс-тэсты – і як яны праходзілі ў Швейцарыі, Арменіі і Тайване. Таксама камісія чакае, што беларускі рэгулятар паведаміць еўрапейскім калегам графікі правядзення адпаведных работ.

 

 

Па словах Герасімаса Томаса, Беларусь прыняла на сябе абавязацельствы правесці стрэс-тэсты ў адпаведнасці з тымі ж працэдурамі, якія выкарыстоўваюцца і ў іншых краінах. Але беларускі рэгулятар сам павінен зацвердзіць графік іх правядзення. Намеснік генеральнага дырэктара па энергетыцы Еўракамісіі нагадаў, што такія стрэс-тэсты сталі праводзіць на атамных станцыях пасля аварыі на Фукусіме.

 

Стрэс-тэсты – гэта дэтальны аналіз таго, як могуць паўплываць розныя неспрыяльныя ўмовы: землятрус, затапленне, экстрэмальныя ўмовы надвор’я і нават падзенне самалёта на саму станцыю – на працу і бяспеку АЭС.

 

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк заўважыў, што дэлегацыю Еўракамісіі праінфармавалі аб тым, што адбываецца ў энергетычным комплексе Беларусі ў цэлым:

 

– Мы распавялі, як працуем агулам у энергетыцы, якія ў нас прыняты дакументы па аднаўляльнай, альтэрнатыўнай энергетыцы, і, вядома ж, абмеркавалі пытанні рэалізацыі нашай ядзерна-энергетычнай праграмы. Я шчыра ўдзячны спадару Томасу і яго калегам, якія правялі кансультацыі для нашых спецыялістаў. Мы дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве.

 

 

Таксама беларускі бок праінфармаваў Еўрапейскую камісію аб тым, як праходзіць праца над стрэс-тэстамі, і пра тое, што нашы спецыялісты праводзяць ацэнку беларускага атамнага праекта ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі.

 

– Тэхнічнае заданне на правядзенне стрэс-тэстаў у нас цалкам адпавядае еўрапейскім патрабаванням, а вынікі будуць разгледжаны і перададзеныя нашаму рэгулятару і Еўракамісіі ў выглядзе нацыянальнага дакладу.

 

Дакладных тэрмінаў, калі гэта адбудзецца, намеснік міністра не назваў, аднак пацвердзіў, што кантрактныя тэрміны – снежань гэтага года.

 

14 верасня намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк распавёў, што ўсе абавязацельствы Беларусі па добраахвотным правядзенні стрэс-тэстаў краіна выконвае. «Па кантракце з расійскім бокам, яны пройдуць у снежні. Расія разглядае пытанне прыцягнення да тэстаў замежных экспертаў», – распавёў намеснік міністра.

 

У сваю чаргу, кіраўнік Дзяржатамнагляду Вольга Лугоўская распавяла, якую ролю адыгрывае ва ўсім гэтым рэгулятар:

 

– Асноўная задача рэгулятара – забеспячэнне і кантроль за выкананнем патрабаванняў бяспекі ў галіне ядзерна-радыяцыйнай бяспекі. Нашы калегі з Еўрасаюза вельмі падрабязна і паслядоўна патлумачылі нам працэдуру стрэс-тэстаў і як яны праводзяцца ў ЕС.

 

Яна адзначыла, што беларускі бок будзе ўдзячны за любую тэхнічную падтрымку з боку ЕС.

 

 

Беларускім рэгулятарам падрыхтаваныя дакументы, якія ўстанаўліваюць патрабаванні да правядзення стрэс-тэстаў. Яны былі распрацаваны на аснове еўрапейскіх стандартаў. На аснове гэтых нарматываў наш аператар склаў тэхнічнае заданне, якое пазней было ўзгоднена. Потым правядуць неабходныя ацэнкі, на аснове якіх і падрыхтуюць нацыянальную справаздачу.

 

Гаворкі пра прэтэнзіі літоўскага боку, якія тычацца бяспекі БелАЭС, на сустрэчы не ішло.

 

– Дадзены візіт – тэхнічны. Бо працэдура для нас новая, пытанні абмяркоўваліся асабліва тэхнічнага характару: па працэсе, па глыбіні разгляду матэрыялаў, па магчымасці для ўключэння сюды рэгулюючых органаў іншых краін. Гэта значыць, мы вельмі падрабязна знаёміліся з самой працэдурай. Даведваліся, як гэта робіцца ў ЕС, для таго, каб прыняць канчатковае рашэнне па правядзенні стрэс-тэстаў у Беларусі. Для пачатку трэба «пераварыць» усю інфармацыю, якая была атрыманая.

 

 

– Мы знаходзімся ў цесным кантакце з еўрапейскімі калегамі. У Беларусі на пастаяннай аснове працуюць еўрапейскія эксперты, якія аказваюць дапамогу і ў працэсе навучання, і ў правядзенні нашых рэгулюючых дзеянняў. Гэты працэс у нас ужо запушчаны, і мы гатовыя яго пашыраць, – заўважыла Вольга Лугоўская. – Калі казаць пра этапы, то самы першы – гэта ацэнка, якая праводзіцца аператарам, у далейшым рэгулятар атрымлівае ацэнку ў форме дакладу, і на падставе яго рыхтуецца ўжо агульная ацэнка. Калі выяўляюцца пэўныя дэфекты бяспекі, то наша задача – сфармуляваць патрабаванні да аператара, каб былі прынятыя меры. Кансультацыі Еўракамісіі дазволілі нам зразумець працэдуру, як гэта робіцца ў ЕС. А вось па якім шляху мы пойдзем і ў якія тэрміны – гаварыць яшчэ рана.

 

 

Раней у Мінску адбылася сустрэча экспертаў Беларусі і Літвы. Пасля яе засталіся рознагалоссі «адносна погляду на прымяненне міжнародных стандартаў, працэдур міжнароднай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, празрыстасць, адкрытасць і прынцыпы добрасуседства». Пра гэта паведаміла прэс-служба МЗС Літвы. Таксама знешнепалітычнае ведамства расказала, з якімі патрабаваннямі, просьбамі і прапановамі выступіў літоўскі бок на кансультацыях.