“Тут каманды няма, а вы еўракубкі хочаце”. “Шахцёр” у Гродне выбіў “Нёман” з Кубка Беларусі

|

Па сапраўднаму восеньскае надвор’е з дажджом ладна сапсавала гульню камандам, футбалісты часта падалі і здзяйснялі памылкі. Першымі ў матчы здолелі вызначыцца госці. Дзяніс Лапцеў на 32-й хвіліне пасля стандарту вышэй за ўсіх скокнуў і галавой адправіў мяч вароты гарадзенцаў. “Нёман” яшчэ двойчы мог прапусціць у першай палове матчу, але ў нейкіх момантах Курганскі ратаваў свае вароты, а дзесьцi гульцы “Шахцёра” не здолелі скарыстацца сваімі шанцамі. “Нёман” жа ў першым тайме нічога не здолеў паказаць.

 

 

У другім тайме гульня змяніла свой характар, “Шахцёр” плаўна пераходзіў у абарону, а гарадзенцы гэтым спрабавалі скарыстацца. Рудзік, Яроцкі і Савіцкі спрабавалі біць здалёк і закідваць мяч у штрафную, але там граматна дзейнічалі абаронцы гасцей. На 67-й хвіліне пасля працяглай атакі “Нёмана” гульцы “Шахцёра” толькі з дапамогай рук здолелі спыніць капітана гарадзенцаў Савіцкага. Суддзя быў побач і прызначыў адзінаццаціметровы. Біць узяўся ўсё той жа Савіцкі, які і здолеў зраўняць лік у матчы.

 

 

Пасля гола гульня выраўнялася і каманды быццам чакалі дадатковага часу. Але ўжо на самых апошніх хвілінах асноўнага часу падапечныя Ігара Кавалевіча маглі выйсці наперад і паставiць кропку ў матчы. Гаспадарам не хапіла часу дабіць “Шахцёр”.

 

На дадатковых хвiлiнах госці паказалі гаспадарам, што прыехалі ў Гродна за перамогай. Спачатку госцi здолелі прабіць у перекладзiну, а пасля i забіць. Паставіў кропку ў матчы на ​​96-й хвіліне Аляксандр Паўлаў. Пасля прапушчанага гола ў “Нёмана” яшчэ быў час адыграцца, але жоўта-зялёныя гэта зрабіць ужо не змаглі, бо не было сiл. У выніку, салігорская каманда абыграла “Нёман” і прайшла ў наступны раўнд Кубка Беларусі.


“Нёман” – “Шахцёр” – 1:2

 

Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч падвёў вынікі.


– У Барысаве была энергазатратная гульня. Гулялі дзве траціны гульні ўдзесяцёх. Аслабла сярэдняя лінія – траўмаваныя Ражок і Рудніцкі. На другі тайм з “Шахцёрам” у нас быў план на ўзмацненне з выхадам Андрэя Горбача. У прынцыпе ён і аддаваў галявую, калі паставілі пенальці. Не хапае нам згулянасці на стандартах, хоць той жа Лапцеў – моцны нападаючы і проста праціснуў. Віншую суперніка з перамогай. Поспехаў у далейшым у Кубку і Чэмпіянаце.


– Не крыўдна, што страцілі шанцы на еўракубкі?


– Якія еўракубкі? Задачы трэба вырашаць па меры паступлення. Тут каманды няма, а вы еўракубкі хочаце.


– Больш аднаго гала забіць не можам. Пакуль не з’явіцца яшчэ нападаючы, так і будзе працягвацца?


– Толькі калі вы выйдзеце. Як ён з’явіцца? Трансфернае акно закрыта. Нам трэба забіць адзін і не прапусціць, каб набраць тры ачкі.


– Жураў стаяў добра, чаму больш яму не далі шанцу?


– Адзін з тых, у каго я вучыўся, Юры Курненін, ніколі не выкладваў працу па брамніках. Гэта вельмі вузканакіраваная сфера. У нас ёсць добры першы нумар і добры другі нумар. Былі б яны роўныя – можна было б чаргаваць. Мы адгадалі, калі далі згуляць Жураву. А так паўтаруся: я прызначаю дзесяць чалавек, а трэнер па брамніках называе адзінаццатага.


align=”” width=”725″ height=”484″ >