Праз чатыры краіны на інвалідным вазку: як гарадзенкі кінулі сабе выклік і паехалі ў падарожжа

Дзе вазочніку падарожнічаць

 

– Гэта было дастаткова цяжка, – кажа Аня. – Думаю, для Жэні было ў два разы цяжэй. Цяжка палічыць колькасць лесвіц, якія мы прайшлі ў метро, будынках.

 

Прасцей было ў гарадах з прыстасаванай інфраструктурай ці з сябрамі. Аню даводзіцца або цягнуць і спускаць па прыступках у вазку, або падняць яе, дапамагчы прайсці прыступкі і перацягнуць вазок.

 

Рухаліся дзяўчаты ў асноўным пешшу. Калі стамляліся, бралі таксі. Аказалася, метро нават у еўрапейскіх гарадах не паўсюль прыстасавана для вазкоў. Напрыклад, у цэнтры Будапешта метро прыстасаванае, а ў іншым канцы горада – не. Тым не менш, Будапешт скарыў сэрцы гарадзенак.

 

– Будапешт – прыгожы, чысты, прасторны горад. Туды хочацца вярнуцца, – кажа Жэня.

 

– Цяпер у мяне два любімых гарады – Берлін і Будапешт, – згаджаецца Аня.

 

 

Дзяўчаты прызнаюцца, што невырашальных праблем не было: калі што, дапамагаюць людзі. На шчасце, Аня трошку ходзіць сама. А пасля падарожжаў яе фізічны стан наогул паляпшаецца.

 

– Калі тата прыехаў мяне сустракаць, ён сказаў, што я ніколі так хутка не выходзіла з цягніка.

 

– Вельмі смешна было, калі мы бачылі з боку, колькі ў нас торбаў, – смяецца Жэня. – У мяне быў заплечнік на 65 літраў, ноўтбук і дзве сумкі, якія я паклала на Аню, і яшчэ заплечнік ззаду вазка. Мой тата быў у шоку, калі ўбачыў мой заплечнік. А калі ён убачыў Аню, з вазком і яе рэчамі, сказаў, што гэта не адпачынак. Але мы добра адпачылі. Вось ужо месяц прайшоў, а мы пра гэта ўсё размаўляем і размаўляем.

 

“You can’t travel”

 

Цікавы выпадак адбыўся па дарозе з Будапешта ў Сафію. Дзяўчаты куплялі квіткі на цягнік і папрасілі ніжнюю паліцу. Касірка паглядзела на іх, адыйшла і параілася. Вярнуўшыся, яна ўпэўнена сказала Ані: “You can’t travel”.

 

– Чаму? – пытаецца ўжо ў нас Аня. – Я і дагэтуль ездзіла, я магу падняцца. Я проста хацела, каб было зручней! А яна гэта “You can’t travel” казала яшчэ паўгадзіны.

 

Цікавосткі на гэтым не скончыліся. Напрыклад, у метро Сафіі ёсць туалет для інвалідаў. Але каб дабрацца туды, трэба пераадолець дваццаць прыступак! Вагон для інвалідаў у цягніку Сафія-Варна таксама выклікаў у дзяўчат смех.

 

– Мы зайшлі і пачалі смяяцца, – кажа Жэня. – Там былі тры паліцы, таму на ніжэйшую сесці было немагчыма – толькі адразу легчы. Давялося сесці на падлогу. Ад звычайнага вагона ён адрозніваўся тым, што было больш месца, каб паставіць вазок. І ў дасяжнасці рук была кнопка экстраннага выкліку.

 

 

Таму нечаканым было знайсці электрапад’емнік на гомельскім вакзале.

 

– Калі параўноўваць з Балгарыяй, у Беларусі не ўсё так кепска. Добра, што ў Балгарыі нізкія заезды на тратуары. Але самі дарогі кепскія, а ў нас – роўныя. Да ўзроўня Берліна ці Будапешта нам далёка, але не кепска, – кажа Аня.

 

У планах – падарожжа адной

 

– Некаторыя  кажуць, што пра мяне трэба пісаць, што я была б прыкладам для іншых. Але я не зрабіла нічога незвычайнага, я проста захацела трошкi адпачыць. Усё роўна большасць людзей з інваліднасцю вельмі пасіўныя і не хочуць нічога рабіць. Я ведаю толькі некалькі чалавек, якія з’яўляюцца прыкладам і для мяне. Яны адкрытыя, яны паўсюль, усяго хочуць, – кажа Аня.

 

 

Гэта ці не першы раз, калі Аня ехала з мэтай падарожнічаць, а не ўдзельнічаць у адукацыйных паездках ці праектах. Але ей ужо давялося пабывать у Вільні, Мюнхене, Берліне, Будапешце, Варшаве, Беластоку. А таксама ў Турцыі, Балгарыі і Украіне.

 

Праблемы перасоўвання – не адзіныя. Ёсць праблемы маральна-этычнага плану:

 

– Падарожнічаць трэба з тымі, каго ты добра ведаеш і ў кім упэўнены, каб не было выпадковых складанасцей. Я прасіла Жэню, калі яна стоміцца, казаць пра гэта. Для любога чалавека дарога – цяжкая нагрузка, – кажа Аня.

 

 

– Мы ўжо дамовіліся, што наступным разам возьмем менш рэчаў і мужчыну, – смяецца Жэня.

 

У будучыні Аня хоча паспрабаваць падарожнічаць адной, хаця б па Беларусі. Размовы выкадкова прыводзяць нас да філасофіі падарожжа.

 

– Падарожжа дае вельмі шмат у плане змены абстаноўкі, – кажа Аня. – Калі я адчуваю, што мне ўсё надакучыла, разумею, што трэба ад’ехаць. Прыедзеш – і ўсё будзе добра.

 

Фота Жэні і Ані