У Гродне адкрылася выстава “Еўрарэгіён “Нёман-2016”. Сёлетні акцэнт – турызм
У гэтым годзе адну толькі Гарадзеншчыну на “Еўрарэгіёне “Нёман” прадстаўляе каля 150 прадпрыемстваў і арганізацый. Другі раз у Гродна выстаўляе свае павільёны кітайская правінцыя Ганьсу. Таксама на выставу прыехалі і традыцыйныя ўдзельнікі з Калінінградскай вобласці, Друскенік і Падляшскага ваяводства.
Сёлетнім акцэнтам выставы стала турыстычная тэматыка. Такіх экспазіцый больш за два дзясяткі.
Таксама на “Еўрарэгіёне” можна знайсці прадукцыю гарадзенскіх вытворцаў: ад хімічнай да харчовай прамысловасці, машынабудавання і лёгкай прамысловасці. Праходзіць выстава спажывецкіх тавараў, сувеніраў, вырабаў народных промыслаў, турыстычны кірмаш прадуктаў і паслуг. Многія тавары можна набыць.
У першы дзень выстава “Еўрарэгіён “Нёман” працавала да 18.00. У суботу, 24 верасня выстава будзе працаваць з 9.00 да 14.00.
На адкрыццё выставы прыйшлі чыноўнікі ды прадстаўнікі іншых краін, сярод іх і новы генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк.
“Добрае мерапрыемства, трэба часцей такое праводзіць. “Еўрарэгіён “Нёман” злучае нашы народы. Гэта трэба як Беларусі, так і Польшчы, Літве і Расіі. У Гродне я зусiм нядаўна, шмат чаго яшчэ не ведаю, але паспрабую пазнаёміцца з усім бліжэй неўзабаве”, – сказаў консул.
Консул Польшчы Яраслаў Ксёнжэк на трактары “Беларус”
Не выпадкова ў гэтым годзе на “Еўрарэгіёне” надалі вялікую ўвагу сферы турызму – гэта перспектыўны кірунак. Гарадзеншчыне ёсць што паказаць і прапанаваць партнёрам, а выстава актывізуе супрацоўніцтва паміж прыгранічнымі рэгіёнамі ў розных галінах.
Не першы год у Гродна на “Еўрарэгіён “Нёман” прыязджаюць прадстаўнікі Друскенік. Прадстаўнік друскеніцкага інфармацыйнага цэнтра Ганна Касюн распавяла, што гродзенцы, і беларусы ў цэлым, з’яўляюцца самым важным партнёрам іх горада.
“Мы суседзі, мы гарады-партнёры. Гродна – адзіны горад у свеце, які настолькі добра нас ведае, памятае і любіць. Таму нам прыемна кожны раз прыязджаць на выставу “Еўрарэгіён “Нёман” і расказваць, што беларусам могуць прапанаваць суседнія Друскенікі.
Беларусы за першае паўгоддзе правялі ў гатэлях нашага горада 100 тысяч начэй. Гэта вельмі добры паказчык. Статыстыка паказвае, што з кожным годам беларусаў у нас усё больш, мы спадзяемся, так будзе і далей. Мы даўно стараемся рабіць нейкія крокі ў бок спрашчэння візавага рэжыму, але мы не можам моцна ўплываць на дзяржаву. Пакуль мы запрашаем па візе, а там будзе бачна”.
Таксама ў Гродна прыехала больш за 20 прадстаўнікоў Кітая, якія знаёмілі гарадзенцаў са сваімі арганізацыямі і прадукцыяй.
“Мы прадставілі некалькі прадпрыемстваў. Гэта будаўнічая арганізацыя”CGICOP” i Ланчьжоўская фотаэлектрычная кампанія, якая прывезла сюды энергазберагальныя лямпы. Іх прадукцыя выкарыстоўваецца ў многіх краінах свету. Таксама кiтайская правінцыя прадставіла ў Гродне хусткі з натуральнага шоўку і прадукты харчавання”, – сказаў прадстаўнік кітайскай кампаніі “CGICOP” ў Беларусi Дзяніс Казушчык.
Падчас выставы “Еўрарэгіён “Нёман” у Гродне праходзiць традыцыйны міжнародны інвестыцыйны форум “Гродзеншчына на скрыжаванні граніц”. У ім прымаюць удзел прадстаўнікі дзелавых колаў, дыпламатычнага корпуса, адміністрацый раёнаў і гарадоў розных краін.
align=”” width=”725″ height=”544″ >