“Што стала з маёй Амерыкай?” Знакаміты аналітык і “прынц апытанак” Джон Зогбі пра выбары і тых, хто стварае новую рэальнасць

|

Міленіялы і Ярмошына. Што амерыканцам добра, таго Цэнтрвыбаркаму не зразумець

 


Хто будзе галасаваць?

 

“Думаючы пра вынікі выбараў, трэба найперш браць пад увагу хто будзе галасаваць, бо тут могуць атрымлівацца вельмі цікавыя камбінацыі”. На дэмакратыю, мяркуе аналітык, моцна ўплывае дэмаграфія. На выбарах 2008 года “белых” галасоў было 78%, у 2012  – 71%, зараз чакаецца 69%. “Такая вось дынаміка папуляцыі”.

 

Змяншэнне колькасці белага насельніцтва, што бярэ ўдзел у выбарах, грае супраць рэспубліканцаў – агульная іх падтрымка зніжаецца. Праз тое яны злуюцца на “не-белых”. Аднак жа злуйся ці не – гісторыя і дэмаграфія граюць на дэмакратаў. Рэспубліканцы, між тым, усё яшчэ недаацэньваюць фактар асобы у масштабах краіны. А пытанне якраз ў тым, хто яны, гэтыя асобы, хто зараз з’яўляецца “сапраўдным амерыканцам”.

 

 

Калі паглядзець у акно…


“Каго сёння пабачаць амерыканцы, выглянуўшы ў акно? Лацінаамерыканцаў, арабаў, мусульман… Вось я і пытаюся – што стала з маёй Амерыкай?” Трэба разумець, кажа Зогбі, што зараз “большасць у краіне складаецца з меншасцяў”. Паводле прагнозаў нацыянальнай статыстыкі, у 2044 белыя будуць складаць менш паловы насельніцтва краіны.

 

Таму важна ацаніць і колькасць “маладых” галасоў, бо яны складаюць каля траціны ўсіх, хто можа галасаваць. А сярод амерыканскіх міленіялаў ужо зараз 41% складаюць не-белыя. У 2012 годзе перамогу Абаме прыняслі менавіта маладыя, лічыць Зогбі. На гэтых выбарах яму ўдалося атрымаць 66% галасоў маладых. Прагаласавала нават вялікая колькасць (61%) афраамерыканцаў, хаця традыцыйна яны менш актыўныя.

 

 

Ці ўдасцца Хілары Клінтан атрымаць іх галасы – застаецца невядовым. Згодна з апошняй фокус-групай New York Times, афраамерыканская моладзь збіраецца галасаваць “хутчэй супраць Трампа, чым за Клінтан”.

 

 

Сярэдні клас сыходзіць у нябыт


“Што мы маем зараз? Белы сярэдні клас. Менавіта яны дэкларуюць сябе кастай сапраўдных амерыканцаў”. На думку Зогбі гэта, найперш, выцякае з фінансавых умоваў. Аднак ужо зараз фактам з’яўляецца і тое, што 37% працуючых амерыканцаў атрымліваюць менш прыбыткаў, чым папярэдняе пакаленне.

 

“Гэты клас губляе апору пад нагамі. Баюся, што надоўга ён не захаваецца. І яшчэ пытанне, ці патрапяць у яго мае дзеці”, – разважае аналітык. Рэальнасць сваіх апасенняў ён абгрунтоўвае нагодамі трансфармацыі эканомікі: “Мы губляем эканамічную сістэму, што існуе зараз і не маем чагосці новага, каб хутка яе замясціць”.

 

 

З іншага боку, знікненне сярэдняга класа Зогбі звязвае і са зменай псіхалогіі – у мульціэтнічным і мульцікультурным грамадстве захаваць старое стаўленне да сярэдняга белага класа не атрымаецца. “Я маю 68 гадоў – амаль сем дзясяткаў. Чатыры з іх я жанаты. Я такі, як большасць з сённяшняга сярэдняга класа – белы, пажылы, у шлюбе. То я і пытаюся: а што стала з маёй Амерыкай? Мы губляем глебу пад нагамі, губляем сваю “супер-сілу”.

 

 

Мяжа ідзе праз 50


Сучасных амерыканцаў, паводле Зогбі, можна падзяліць на дзве групы – тых, каму да 50 і тых каму за 50.

 

 

“Старэйшыя амерыканцы памятаюць свет вельмі простым – Амерыка супраць вайны, моцная і змагаецца са злом – так усё проста і даступна для разумення. Маладзейшыя ўжо памятаюць Ірак, Афганістан… часы, калі не ўсё ішло добра і “супер-сіла” перастала спрацоўваць. Іх свет, сённяшні свет, значна больш складаны”.

 

 

Хто будзе складаць большасць – няма пытання. Сталыя адыходзяць, маладых робіцца больш. “Вывучаючы галасы маладых, можна зрабіць для сябе пэўныя высновы, але што будзе на гэтых выбарах – я не ведаю. Ці пойдуць маладыя за Трампам, ці падтрымаюць Клінтан… Я не ведаю. І гэта добра абгрунтаваная пазіцыя добра інфармаванага спецыяліста”.

 

 

Фота аўтаркі