“Дом лесарубаў” у цэнтры Гродна. Хто i навошта павесіў рабочы інструмент пад дахам дома на Васiлька?
Каго не спытаеш з мясцовых, усе як адзін распавядаюць гісторыі, што піла, малаток і сякера вісяць ледзь не 100 гадоў, але прозвішчаў і імёнаў тых, хто іх павесiў, ніхто не ведае.
Пенсіянерка Валянціна Пятроўна, якая жыве побач з вуліцай Васілька, распавядае, што рабочыя інструменты вісяць даўно: яна іх памятае яшчэ з 1950-х гг.
“У гэтым старым доме вельмі даўно жылі майстры – цесляры і лесарубы, менавіта ад іх і засталіся вісець рабочыя інструменты. Пра гэты дом могуць распавесцi гісторыкі, якія, напэўна, ведаюць больш. Я яшчэ памятаю, што побач з гэтым домам жылі спадчынныя трубачысты-камінары, якія ў 1950-х гг. чысцілі коміны гараджан”.
align=”” width=”725″ height=”555″ >
Жыхарка дома, дзе вісяць інструменты, Тамара Алегаўна, жыве ў ім з 1973 года, але хто і калі павесіў прылады, яна дагэтуль не ведае.
“Мы з сям’ёй пераехалі ў гэты дом ў 1973 годзе пасля капітальнага рамонту і інструмент ужо вісеў. Магчыма, калгаснікі павесілі ў знак рабацяг Савецкага Саюза, магчыма яшчэ нехта. Мы, на жаль, не ведаем. Але чуткі ходзяць, што жылі спадчынныя цесляры ці лесарубы. Дом стары і ўсё магчыма”.
Іншыя жыхары таксама распавядаюць, што інструмент вісіць даўно, а на Васілька жылі прадстаўнікі розных рабочых прафесій.
Вядома, што дом №14 быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя. У пачатку 1960-х гадоў там быў капітальны рамонт, у выніку якога ён быў аб’яднаны з домам №12. Магчыма тады, пад дахам на сцяне і з’явіліся піла, малаток ды сякера.
Высветліць праўду дапамог гарадзенскі краязнаўца Віктар Саяпін.
“У дзяцінстве часта хадзіў міма гэтага дома, бо побач жылі мае дзядуля і бабуля. Дом на Васілька, тады Чапаева, у сярэдзіне 1960-х гг. паставілі на капрамонт. Частку, дзе зараз вiсяць прылады, тады дабудавалі i над акном прымацавалі інструменты дрэвасекаў. Яны нічога не сімвалізуюць, ніякія лесарубы там не жылі, проста стылізацыя”.
Так за хвіліну краязнаўца развеяў савецкую легенду, якую распавядалі жыхары вуліцы Васілька доўгія гады. Але якая б не былі праўда, “інструменты лесарубаў” даўно сталі мясцовай славутасцю, на якую прыходзяць і мясцовыя, і турысты.