Яфім Шыфрын паеў у Гродне дранікаў і захапіўся прыгажосцю сінагогі
З юбілейнай праграмай “60 шифринизмов” гумарыст ездзіць па гарадах Беларусі. За некалькі гадзін да выступу перад гарадзенскай публікай для артыста правёў экскурсію па старым горадзе дырэктар гатэля “Нёман” Міхаіл Малiкiн.
“Разам з Яфімам мы наведалі сінагогу і “Музей гiсторыi габрэяў Гарадзеншчыны”. Артыст быў захоплены малельнай залай у сінагозе. Далей я паказаў яму пажарную каланчу і замкі. Таксама мы прайшліся па вуліцы Савецкай, зайшлі ў парк Жылібера. Людзі пазнавалі Яфіма, але нашай задачай было не фатаграфавацца і раздаваць аўтографы, а прагуляцца па прыгожым горадзе. Я не забыўся яму паказаць і дом Элізы Ажэшкі. Артыст распавёў, што ў яго дома калісьці быў поўны збор твораў гарадзенскай пісьменніцы”, – распавядае Міхаіл Малiкiн.
Уразіў артыста сваёй веліччу і Фарны касцёл. У рэстаране гэталя “Нёман”, дзе спыняўся Шыфрын, яму падалі на абед дранікі: ён параўнаў іх з тымі, якія яму ў свой час рабіла бабуля. Дарэчы, у Шыфрына ёсць і беларускія карані.
“Выступ Яфіма быў удалым, людзі праводзілі яго стоячы. Гродна артысту спадабаўся, а яму, паверце, ёсць з чым параўнаць”, – дадаў Міхаіл.
У гэтым годзе Яфім Шыфрын адзначае 60-гадовы юбілей. Гарадзенцам ён вядомы па шматлікіх выступах на тэлебачанні. Дарэчы, у свае гады артыст наведвае трэнажорную залу і нават стаў “містэрам фітнес”.
Фота са старонкі артыста ў фэйсбуку