Хобі на ўсё жыццё. Зміцер Вінчэўскі расказвае, як стаць гарадскім бёрдуотчарам

|

Што такое бёдуотч?

 

Бёдуотч – складанае інтэлектуальнае хоббі, якое развіваецца і прыцягвае новых аматараў. Проста кажучы, гэта назіранні за птушкамі, за якія вы не атрымліваеце грошай, а на якія вытрачаеце свой час і рэсурсы.

 

У чым адрозненне арнітолага ад бёдуочара? Арнітолаг атрымлівае грошы за назіранні за птушкамі, а бёдуочар для гэтага вытрачае свае. Назірае за птушкамі ў Беларусі каля 100 чалавек, таму можна лічыць гэта элітарным хобі. Для параўнання: у Вялікабрытаніі назіраннямі займаецца мільён чалавек.

 

 

 

Дзе ў Гродне назіраць за птушкамі?

 

У нашым горадзе найбольш птушак сустракаюцца каля Немана і маленькіх рэк накшталт Ласасянкі, у старых парках, у Панямуні і нават у парку Жылібера. У горадзе можна сустрэць шмат відаў, але па-за горадам іх больш. Таму праз нейкі час давядзецца выязджаць.

 

Пачынаць назіранні прасцей зімой, калі застаецца няшмат відаў. Іх лягчэй запомніць і адрозніць адзін ад аднаго. А вясной можна пашыраць свае веды.

 

 

 

Якіх птушак можна назіраць у горадзе?

 

У Гродне можна ўбачыць каля ста відаў птушак. Найчасцей у нас сустракаюцца шызыя галубы. Гэты від быў завезены ў нашу краіну ў сярэднія вякі, калі галубоў выкарыстоўвалі як паштальёнаў. Некаторыя “паштальёны” ўцякалі і не даляталі куды трэба. Зараз гэта сінантропны від, які не сустракаецца па-за паселішчамі чалавека. Напрыклад, у Чарнобыльскай зоне яны хутка вымерлі. Голуб гняздуе круглы год. Некаторыя лічаць іх паразітамі, але не трэба забывацца, што калісьці ўся паштовая служба трымалася на галубах.

 

Птушка, якую цяжка ўбачыць, але лёгка пачуць – рудахвостка-чарнушка. Гэта прыгожыя птушкі: самцы чорныя з аранжавым хвосцікам, самкі светленькія з такім жа хвастом. Яны гняздзяцца ў розных нішах на будынках. Птушкі цікавыя тым, што спяваюць круглы год, каб бараніць сваю тэрыторыю. А іншыя віды заканчваюць спяваць, калі падгадуюць птушанят.

 

Трэці цікавы від – вялікі савук. Гэтая вялікая рыбаедная качка – самая вялікая ў Еўропе. Самец – белы з чорным, самка – шэра-карычневая з чубам. Гэта паўночныя птушкі, якія прылятаюць  да нас на зімоўку. Зімой на Немане іх каля паўтысячы. Яны цікава гняздуюцца: знаходзяць дупло ці нару.

 

Дзікія птушкі баяцца людзей. А тыя, што ў горадзе, ламаюць бар’ер перад страхам. У горадзе менш драпежнікаў, больш ежы, раней святло запальваецца. “Гарадскіх” відаў становіцца ўсё больш. Гэтая хваля ідзе з Захаду. Там гарады існуюць даўжэй, прыродныя ўмовы раней знішчаныя ці парушаныя. Таму птушкі былі вымушаныя “пераехаць”.

 

 

Якімі метадамі карыстаюцца бёдуочары?

 

Бёдуочынг развіўся ў палове мінулага стагоддзя. Да гэтага птушак вывучалі, забіваючы. Забітыя віды траплялі ў калекцыю і выкарыстоўваліся для параўнання.

 

Сёння самы распаўсюджаны метад назірання – оптыка. Ёсць трубы за 5-6 тыс. долараў, а ёсць за 50 долараў. Тое самае з біноклямі: ад 20 даляраў да 4 тыс. “Колькі грошай маеш, за столькі і экіпіруйся”, – кажа Зміцер. І дадае, што ў бёдуочынгу круцяцца міліярды грошай.

 

 

Адсочваць птушак можна праз кальцаванне. Акрамя металічных кольцаў, выкарыстоўваюць пластыкавыя з камбінацыяй колераў, якія указваюць на радзіму птушкі. Для вялікіх птушак выкарыстоўваюць крыламеткі, для водаплаўных – нашыйнікі. Лічыцца, што прылада, якая вешаецца на птушку, павіна складаць не больш 5% ад яе вагі. Таму зараз актыўна выкарыстоўваюцца геалакатары, якія важаць каля грама і не замінаюць птушкам. Геалакатар запісвае дату і працягласць светавога дня. З дапамогай праграмы дадзеныя расшыфроўваюцца.

 

Самы новы метад вывучэння птушак – спадарожнікавыя перадатчыкі. Адзін мінус – кожны з іх каштуе 5 тыс. еўра. А каб атрымаць дадзеныя, якія дасылаюцца на спадарожнік, трэба заплаціць яшчэ 500 еўра ў год.

 

Спачатку можна абыйсціся і без дарагіх сродкаў, але оптыкай варта абзавесціся. “Лепш хай оптыка наблізіцца да птушак, чым вы”, – кажа Зміцер.

 

 

 

Дзеля чаго варта назіраць за птушкамі?

 

Калі становіцца зразумела, дзе жывуць птушкі, гэтыя месцы пачынаюць абараняць. “Нашы назіранні прывялі да таго, што месцы міжнароднай значнасці былі вывучаныя. Большасць з іх знаходзіцца ў Палессі і Паазер’і. Арнітолагі зацікаўленыя ў тым, каб месцы міжнарожнай значнасці ахоўваліся. Месцам, якія не маюць статуса аховы, мы стараемся гэты статус надаць”, – кажа Зміцер.

 

Але асноўнае ў назіраннях – задавальненне. Арнітолаг упэўнены, што праз нейкі час назіральнік зразумее, што бёдуотч – гэта “яго”.

 

Далучыцца да арганізацыі можна на палявой экскурсіі на Нёмане пад час ПанЕўрапейскіх дзён назіранняў за птушкамі. Ці звязаўшыся са Зміцерам Вінчэўскім.