У Гродне ўшанавалі хакейны “Рытм” – уладальніка Кубка-2016

|

З ушаноўваннем трохі зацягнулі, бо “Рытм” паспеў згуляць ужо першую палову новага чэмпіянату. Узнагароды для пераможцаў уручалі начальнік аблспорту Алег Андрэйчык, дэпутат Барыс Фёдараў, кіраўнікi Беларускай федэрацыі хакея на траве і ААТ “Гродна Азот”. Таксама на ўшаноўванні абмеркавалі праблемы клуба, якіх за апошні час назбіралася вельмі шмат.

 

Пасля ўшанавання капітан “Рытма” Вольга Шынтар распавяла пра новы сезон і планы на будучыню. А таксама пра тое, што хакею на траве не хапае папулярызацыі.


“Пасля чэмпіёнскага сезону адпачылі мы вельмі добра. Адразу пасля адпачынку, у канцы жніўня, пачаўся новы сезон. Але ён вельмі кароткі і ўжо скончылася першая палова. З панядзелка мы зноў у адпачынак на два тыдні. А потым пачнецца iндар [зімовы] хакей у залах.


Наш склад крыху абнавіўся. Хтосьці сышоў у дэкрэтны адпачынак, хтосьці выйшаў з яго. Таксама ўзялі ў каманду маладога гульца. Цяпер галоўная задача – утрымаць тытул чэмпіёнаў. У нас вельмі сур’ёзныя супернікі, якія ў гэтым сезоне набралі легіянераў, а ў нас іх няма, мы гуляем сваімі сіламі. Таму ў гэтым сезоне барацьба за чэмпіёнства будзе вельмі сур’ёзная, да апошняй секунды”, – распавяла  Вольга.

 

 

Таксама капітан дала зразумець, што гарадзенскі “Рытм” мае патрэбу ў падтрымцы і папулярызацыі. Важная задача – вырасціць годную змену.

 

Пасля першай паловы чэмпіянату гарадзенскія дзяўчаты згулялі восем гульняў і ідуць толькі на трэцім месцы. Але, як адзначаюць хакеісткі, галоўныя гульні для іх будуць у плэй-оф.

 

Сачыць за гарадзенскай камандай можна на старонцы ў фэйсбуку.