Мае дні ў Патсдаме. Дзень другі – Сан-Сусі

| Без катэгорыі

Гістарычная даведка. Парк агульнай плошчай у 290 га (прыкладна 3 кв. км) быў закладзены ў 18 стагоддзі ў час праўлення Фрыдрыха Вялікага і ствараўся ў два этапы: 9 жніўня 1744 году на паўднёвым схіле “пустэльнай гары” быў высаджаны вінаграднік. А для працы над паркавай і палацавай архітэктурай ў Сан-Сусі (назва азначае “без клопатаў”) былі запрошаны геніяльныя архітэктары і мастакі.

>

Від на Палац Сан-Сусі з боку галоўнай алеі

 

Гэтым разам, каб патрапіць у знакаміты парк – пярліну Патсдама – які занесены ў спіс гістарычных помнікаў пад аховай ЮНЕСКА, я вылучыла іншы марштрут: ад Луізэн-Платц па алеі Сан-Сусі праз Парк Марлі і Царкву Міру.

 

Выбар маршруту быў невыпадковым. Дзень быў асаблівым – тры дзявяткі – 9 верасня 2009 году. Мне падалося, што і я павінна зрабіць нешта асаблівае. Напрыклад, скокнуць з парашутам, або зрабіць фрызуру a-la Pink, або патрапіць у якое-небудзь асаблівае месца. Мапа Патсдаму прапаноўвала мне вялізны выбар месцаў, у якіх, зыходзячы з іх назваў, можна было б адзначыцца – брама Фартуны, Царква Міру, Райскі сад, Храм Сяброўства. Дадамо да гэтай прыгажосці Мост Д’ябла і Павільён Дракона – і задача выкананая. Такой колькасці незвычайных месцаў хапіла б яшчэ на дзесяць незвычайных дзён!

 

З Брамай Фартуны выйшла няўдача. Прайсці праз яе, як я сабе гэта паэтычна ўяўляла, у мне так і не атрымалася – замуравалі, дэманы, выхад (кажуць, што яго адкрыюць пасля заканчэння рэстаўрацыі будынка Парламенту). Патаптаўшыся ў сярэдзіне паміж уваходам і выхадам, я рушыла далей у бок Царквы Міру (Church of Peace).

 

Схаваная ў зеляніне парку Царква Міру не ўразіла мяне здалёк. Але я была зачараваная яе архітэктурай і навакольным ландшафтам, калі патрапіла праз каваныя веснічкі ва ўнутраны дворык будынка.

 

 

Царква гэтая была пабудаваная ў стылі італьянскай архітэктуры ў 1845-1854 гг. Дух часу лунаў над сценамі будынка. Хацелася прайсці пад скляпеннямі пустэльных галерэй, нацешыцца відам возера, якое ўпрыгожвае парк, адпачыць у цені тэрасы пад ласкавыя гукі мініяцюрнага фантана.

Фантан ва ўнутраным дворыку Царквы Міру  Царква Миру

Галерэі і тэрасы царквы былі бязлюдныя. Я сядзела на мармуровым услончыку, любавалася фантанам і адчувала глыбокі душэўны супакой.

 

Можа быць, хтосьці, хто сядзеў таксама на мармуры, і прыдумаў назву для гэтага свяцілішча хрысціянскай рэлігіі. А можа быць, Church of Peace перакладаецца зусім па-іншаму – Царква Міру і супакою, таму што ў ёй знайшлі сваё апошняе заспакаенне Фрыдрых Вільгельм IV і Каралева Лізавета, імператар Фрыдрых III і імператрыца Вікторыя. Апошняя здагадка падаецца мне найбольш верагоднай. Гэтае месца ўразіла мяне надзвычай!

   

Толькі адзін раз я збочыла з маршруту, бо вельмі хацелася зірнуць на Палац Сан-Сусі з боку галоўнай алеі, каб палюбавацца, як блішчыць пазалотай на сонцы ў глыбіні саду Кітайскі павільён. Ён пабудаваны ў 1754-1757 гг. і падкрэслівае папулярнасць кітайскай культуры ў тую эпоху. Элегантная архітэктура павільёну выпраменьвае жыццярадасную атмасферу ўсходу.

Кітайскі павільён

І усё ж такі цяжка ўявіць усё багацце і прыгажосць Палацавага ансамбля і ландшафтнага майстэрства Сан-Сусі нават з дапамогай самага падрабязнага апісання, пакуль не ўбачыш гэта ўсё сваімі вачыма!

 

Палац Сан-Сусі!

З задавальненнем падымалася я па элегантнай анфіладзе лесвіц да Палацу. Злева – зробленая кавалём-віртуозам альтанка з голенькім анёлачкам пасярэдзіне. Маладая дзяўчына сарамліва спрабавала дакрануцца да той часткі анёла, “якая выступае”. Пэўна, тут ёсць свае павер’і, што тычацца аголеных мужчын, як і ў нашых нявест у дачыненні да улюбёнага малога на “Выспе слёзаў” на Нямізе.

Альтанка каля Палацу Сан-Сусі Купальня ў цэнтры парка

 

Колькі ж працы ўкладзена ў кожную дэталь архітэктурнай кампазіцыі Палацу Сан-Сусі! Сілуэты мармуровых багоў і багінь, якія ахоўваюць Палац, купалападобная бронзавая страха, залаціста-жоўтыя сцены – усё наводзіць на думку аб багацці і раскошы яго былых жыхароў.

Палац Мастацкай галерэі

Не саступае яму і яго “брат” – Палац мастацкай галерэі справа ад Галоўнага палаца. Пабудаваная ў 1763 годзе галерэя з’яўляецца першым музейным будынкам у Нямеччыне. У пышным холе выстаўленыя карціны Рубенса, Ван Дэйка, Караваджа ды іншых знакамітых мастакоў. На жаль, правілы галерэі (зрэшты, гэта тычыцца ўсіх Палацаў-музеяў) забараняюць фатаграфаванне ўнутраных залаў. І нават тыя бедныя здымкі, якія я зрабіла, пакуль атрымлівала асалоду ад прац італьянскіх і галандскіх майстроў, па просьбе супрацоўніка мне прыйшлося выдаліць…

Па дарозе ў Райскі сад я зрабіла некалькі здымкаў Палацу “Новыя палаты”, пабудаванага Георгам Венцэслаўсам фон Кнобельсдорфам (ух, мова! Можна язык зламаць!) у 1747 г. як аранжарэя і перабудаваная потым у “домік” для гасцей. Не прайшла міма вялікага драўлянага млына (дзейснага, між іншым) канца шаснаццатага стагоддзя. Затрымалася каля Палацу-Аранжарэі, збудаванага па планах Людвіга Персіўуса, Фрыдрыха Шцюлера і Людвіга Гессэ ў 1851-1864 гг.

Гістарычны млын
 Уваход у галерэю

Палац-Аранжэрэя

Да майго расчаравання і здзіўлення, Райскі сад быў зусім не падобны на біблейскі (ва усялякім разе на той, які я сабе ўяўляла). Не тое, каб я чакала ўбачыць, як звісаюць з дрэва райскія плады або пачуць спеў экзатычных птушак… Проста ён быў абнесены жалезным сеткавым плотам і меў толькі адзін уваход, які я доўга шукала, блукаючы вакол. Пакрыўджаная сустрэчай, я ўвайшла ўсярэдзіну і нават пабадзялася каля ўваходу, спрабуючы адшукаць што-небудзь, хоць бы здалёк адпаведнае назве. Хм, нічога асаблівага. Наш Батанічны сад нічым не горшы, а можа, і лепшы гэтага Райскага…

Адзін з куточкаў Парка Сан-Сусі

Я ўсё ж вырашыла збочыць да Новага Палаца Сан-Сусі, таму як, захопленая сваім пешым шпацырам, зноў цалкам забылася аб часе. Ну што ж, я паставіла “птушачку” у сваім спісе “асаблівых” месцаў, зараз можна рухацца далей.

Новы Палац Сан-Сусі  Храм Сяброўства

Міма Батанічнага саду і “Статуі Федэрыка ІІ на кані” (так даслоўна было напісана ў мапе) я выйшла на Цэнтральную алею і дабралася да Новага Палацу, калі сонца ўжо схавалася за яго дахам. Музейная экспазіцыя была зачыненая, так што я магла атрымліваць асалоду толькі ад экстэр’еру Палаца і газонно-паркавага ландшафту. Па загадзе Фрыдрыха Вялікага палац быў пабудаваны ў 1763-1769 гг. Каралеўскія пакоі, палацавы тэатр, галерэя Пена, урачыстыя залы і знакамітая Гротавая зала, аздобленыя ў стылі фрыдэрыцыянскага ракако – вось колькі ўсяго цікавага я прапусціла!

У вячэрнім небе запаліліся першыя яркія кропкі, калі, я, стомленая, вярталася на вакзал па ціхіх алеях Сан-Сусі. За маёй спіной застаўся апошні аб’ект “асаблівага дня” – Храм Сяброўства, невялікі мармуровы будынак. Шкада, не паспела патрапіць у Палац Шарлотэнхофф, унутранае ўбранне якога зроблена па эскізах Шынкеля. А яшчэ столькі “белых плям Патсдаму”, недаследаваных мной – Знакаміты Новы парк, размешчаны на Святым возеры, рускі музей-калонія Аляксандраўка, Палацавы ансамбль і парк Бабельсберг.

І тут у маёй галаве нарадзілася геніяльная па сваёй прастаце ідэя – вярнуцца ў Патсдам на наступны дзень! З новымі сіламі і з новым маршрутам у руках працягнуць маё знаёмства з гэтым выдатным і прыгожым горадам Нямеччыны. Значыць, так таму і быць! Да сустрэчы!

Працяг будзе >>