Польскі хор выступіць пасля ўмяшання мэра Беластока

|

Пра гэта Еўрарадыё распавяла кіраўніца Канцэртнага бюро Падляскай Філармоніі Люцына Пракапюк. Выступ хору, які адбудзецца 11 лістапада на Дзень незалежнасці Польшчы, рыхтаваўся ад мая гэтага году. Але ў апошні момант гродзенскія ўлады адмовілі (чытай матэрыял на “Тваім Стылі”) арганізатарам мерапрыемства ў памяшканні.

І толькі ўчора стала вядома, што канцэрт адбудзецца, каментуе Люцына Пракапюк:

На ўсё ёсць згода і ўсё добра скончылася. Канцэрт адбудзецца у Музычным каледжы ў Гродне. За тыдзень перад канцэртам, калі аўтобусы ўжо замоўленыя, а хор падрыхтаваны, мы даведаліся, што няма месца. Кіраўнік Гродзенскай вобласці меў нейкія сумневы. Але зараз мэр Беластоку Трускаляскі праводзіць перамовы з мэрам Гродна, і мэр не ставіў аніякіх умоваў альбо ўльтыматумаў. Пагадненне аб супрацоўніцтве мусіць быць падпісана бліжэйшым часам.

Да апошняга часу таксама было невядома, ці атрымаюць удзельнікі хору беларускія візы. Аднак пасля шэрагу размоў адміністрацыі Беластоку і непасрэдна спадарыні Пракапюк з беларускім Консульствам візавае пытанне было паспяхова вырашанае.