Расейская Прусія

| Без катэгорыі

Каралявец, ён жа Калінінград і колішні Königsberg, куды давялося патрапіць упершыню, зусім не выглядаў на горад каралёў.

Ад гораду са старымі аўтобусамі, з дрэвамі, што раслі адразу на старых дамах, веяла нейкай незразумелай правінцыйнай тугой, нібы гэта не даўняя сталіца Ўсходняй Прусіі а «заштатный городок». На шчасце, гэтае ўражанне было толькі першасным, і Калініград адносна паспяхова паспяшаўся пераканаць нас, што ён зусім не такі.

>

Узбярэжжа ракі Прэголі. Кубік савецкай архітэктуры – Дом советов, пабудаваны на месцы канчаткова зруйнаванага ў 1960-х Кёнігсбергскага замку. Справа ад яго – так званая рыбацкая вёска, сучасная стылізацыя пад старую забудову.

Былы пратэстанцкі катэдральны сабор Кёнігсберга. Ля сцены храма быў пахаваны філосаф Імануіл Кант. Праваслаўны Кафедральны сабор Хрыста Збаўцы, пабудаваны ў гонар 60-годдзя праваслаўя ў Калінінградзе, недвузначна паказвае, каму канфесійна сёння належыць былая Прусія.

Куршская каса. Менавіта гэты вузкі пас зямлі, заціснуты паміж Балтыкай і водамі Бацькі-Нёмана быў мэтай нашага падарожжа. Сёння каса падзелена паміж Расіяй і Летувой. І калі карэспандэнтка ТС наведвала паўночную, летувіскую частку касы (/archive/1411/), гэты аповед пра паўднёвую.

Тут няма такой інфраструктуры, як на поўначы. Зрэшты, нямнога і турыстаў – палякам і летувісам, якія масава едуць на выходныя на свае ўзбярэжжы, сюды патрэбная віза. Беларусам прасцей ехаць у цёплы Крым. Таму пляжы тут з большага пустыя. Асноўныя турысты, акрамя мясцовых, – расейцы з «Большой земли», а таксама немцы. Апошнія едуць не на пляжы, а паглядзець зямлю, адкуль вымушана з’ехалі іх бацькі.

 

На немцаў жа разлічаныя шапікі і прылаўкі, дзе бойкія прадпрымальнікі, лёгка называючы кошты па-нямецку, прададуць за «dreißig Euro» кавалачак бурштыну, рэальны кошт якога ў разы меншы.

 

Гэта ўжо салодкія воды, з большага Нёманскія. Тут яны завуцца Куршскі заліў. Пасёлак Рыбачы (колішні Rossitten), што стаіць на заліве, апраўдвае сваю новую назву латкамі з вэнджанай рыбай. Цікава, што акрамя ляшча, які сапраўды ловіцца ў водах заліву, астатняя рыба, што тут прадаецца, ня водзіцца нават у водах Балтыкі. Вэнджаная рыба – ці не адзінае, што можна, тут купіць з гарачай ежы. На другі дзень прыбывання гэта акалічнасць ужо зусім не ўсміхае. Нібы разумеючы складанасць сітуацыі мясцовы універсам, дзе можна купіць хлеба ды падазроных сасісак, працуе «да апошняга кліента».

Наша дарога дадому ляжыць праз Зеленаградск – колішні прускі курорт Кранц.

Тут можна і пад’есці

 «Лежбішча» на мясцовым пляжы рэзка кантрастуе з пляжамі касы

   

Старыя дамы гораду яшчэ захоўваюць даваенную атмасферу нямецкай здраўніцы.

***

Цікавасць і задаволенасць ад таго ці іншага падарожжа я звычайна ацэньваю адказам на пытанне, ці паеду туды яшчэ раз.

 

У выпадку з Калінінградчынай адказ будзе толькі станоўчы. Нягледзячы на ўсю непрыстасаванасць да турызму, гэты край мае свой дух і адметнасць.

Напэўна толькі тут, у старых вёсках з новымі назвамі, можна пабачыць лютэранскія кірхі з праваслаўнымі крыжамі.

Таксама не шмат дзе можна застацца сам-насам з морам на пустынным пляжы…

…назіраць за знікаючым у хвалях сонцам, і мець пэўнасць, што цяпер цябе дакладна ўжо не забракуюць на нябёсах.

Фота аўтара