Апошні нумар ARCHE у Гродна

|

Укладальнікам нумару выступіў гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч:

Сёлета будзе 70 год з тых вераснёўскіх падзеяў. Ідэя прысвяціць цэлы нумар гэтай тэме прыйшла да мяне з тых меркаванняў, што хутчэй за ўсё на гэтую “юбілейную” дату ніякім чынам афіцыйная навука не прарэагуе. Не будзе выдадзенага сур’ёзнага навуковага прадукту, не будзе грамадскага абмеркавання. Хоць гэта не свята для беларускага народу, але праігнараваць тую дату немагчыма. Вераснёўскія падзеі 1939 году былі лёсавырашальнымі для беларусаў, для лёсу Заходняй Беларусі, для нашых стасункаў з палякамі.

Нумар змяшчае матэрыялы гродзенскіх гісторыкаў Сяргея Токця, Эдуарда Мазько, Алеся Пагарэлага, Андрэя Чарнякевіча, Зміцера Люціка і шэрагу іншых. Сярод іншых тэмаў, якія закранаюцца ў часопісе, такія як абарона Гродна в верасні 1939 г., Скідзельскае паўстанне, вайсковая аперацыя Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі. Да таго ж змешчана каля 200 ілюстрацыяў – з архіўных матэрыялаў, тагачаснай перыёдыкі, музейных матэрыялаў, з рэдкіх кніжных выданняў.

Падчас прэзентацыі адбудзецца таксама дыскусія і прэзентацыя новых выданняў бібліятэкі «ARCHE», напрыклад збора твораў Антона Луцкевіча.

Пачатак прэзентацыі ў 18.30 у памяшканні ТБШ па вул. Будзёнага, 48а.