Гродзенскія гісторыкі звярнуліся да міністра культуры
Сярод аўтараў ліста краязнаўца Ігар Лапеха, гісторыкі Андрэй Вашкевіч, Андрэй Чарнякевіч, Юры Гардзееў, Алесь Смалянчук, Алесь Госцеў і іншыя. Навукоўцы падрыхтавалі праект на 30 старонках, дзе падаецца апісанне канкрэтных прапановаў, звязаных з рэнавацыяй і захаваннем раёну Новага свету – як канкрэтных будынкаў, так і ўсяго квартала. Да праекта далучана карта Новага свету.
Дадзены мікрараён горада “з’яўляецца ўнікальным у маштабах усёй Беларусі горадабудаўнічым комплексам, дзе суседнічаюць паміж сабой драўляныя і мураваныя будынкі, яскравыя ўзоры архітэктурных стыляў «рускага» (драўлянага) мадэрна, неабарока, канструктывізма”, даводзіцца ў лісце. Аўтары зварота просяць разгледзець прапановы, выкладзеныя ў праекце, на паседжанні Навукова-метадычнай Рады Міністэрства культуры РБ (з удзелам аўтараў праекта), а таксама “спрыяць стварэнню грамадскага савета з прадстаўнікоў мясцовай улады, Міністэрства культуры, мясцовых жыхароў і гродзенскіх гісторыкаў, які мог бы ўплываць на рашэнне аб лёсе кожнага будынка ў Новым Свеце”.
Да ліста таксама далучаны ліст загадчыцы кафедры гісторыі Беларусі гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы Святланы Марозавай, якая ад імя ўніверсітэта падтрымлівае прапанову. У ім гаворыцца, што навучальная ўстанова далучаецца да справы ўнясення Новага свету ў межы гістарычнага цэнтру Гродна і яго вывучэння.
Здымак Яна Лялевіча