Ялінкавыя кірмашы запрацуюць у Гродна з 20 снежня

Як распавёў “Твайму Стылю” намеснік па ідэалагічнай працы Гродзенскага лясгаса Уладзімір Гарохаў, прадаваць дрэўцы будуць у Гродна ў 8 кропках, а таксама ў лясніцтвах Гродзенскага раёна. Ялінкавыя кірмашы будуць працаваць з 20 па 31 снежня з 10 да 19 гадзін. Кошты на дрэўцы пакуль не зацверджаныя, але, кажа сп. Уладзімір, наўрад ці яны будуць вышэйшыя, чым у мінулым годзе: 10 тысяч за елачку да 1 метра вышынёй, 12 тысяч за ялінку ад метра да трох. Прапаноўвацца будуць 7-8 гадовыя дрэвы, якія спецыяльна вырошчваюцца дзеля калядных і навагодніх святаў. Штогадова лясгас падсаджвае каля 1,5-2 гектараў елак.

Самому пашукаць ялінку і прывезці яе з лесу таксама будзе можна. Для гэтага трэба прыехаць у Нёманскае лясніцтва, заплаціць адпаведную суму і выбраць ялінку на месцы, якое пакажа ляснік.

Елкі, на якія не знайшлося пакупнікоў, утылізуюць: яны ідуць на растопку катлоў альбо на шчапу. Па словах Уладзіміра Гарохава, звычайна застаецца каля тысячы непрададзеных дрэўцаў.