Дзе можна здаць аналіз на схільнасць да анказахворванняў
Пацыенты запаўняюць спецыяльную анкету, дзе ўказваюць дадзеныя пра сваіх родных, якія перанеслі анказахворванні. Пасля аналізу гэтых анкет пацыентам рэкамендуецца зрабіць аналіз крыві для малекулярна-генетычнага даследавання. Даследуюцца гены-супрэсары, якія адказваюць за тое, каб у арганізме не развівалася пухліна. Калі ў ёй выяўляюцца мутацыі, чалавек мае спадчынную схільнасць да анкалогіі. Пры пэўных умовах жыцця і працы ён можа сам не захварэць, але перадаць схільнасць родным. За пацыентам з павышанай рызыкай развіцця анкалогіі арганізуецца спецыяльнае назіранне ў адпаведнасці з распрацаванымі на базе Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медычнай радыялогіі імя Аляксандрава клінічнымі пратаколамі.
Як паведамілі “Твайму Стылю” ў Гродзенскім цэнтры спадчынных пухлінаў, аналіз на геннае тыпіраванне можа прайсці кожны бясплатна. Любы ахвотны можа прыйсці ў цэнтр і запоўніць анкету. Паводле яе вынікаў чалавека адносяць ды групы рызыкі – сярэдняй ці высокай, калі хворымі на рак яічнікаў, малочных залозаў ці тоўстай кішкі былі два і больш родзічаў. У такім выпадку прапануецца здаць аналіз. Калі вынік станоўчы, аналізы прапануецца зрабіць і дзецям. Такім людзям з высокай ступенню спадчыннай схільнасці да анказахворванняў прапануецца бясплатнае комплекснае абследаванне раз на паўгады, прычым па загадзе глаўрача абласной бальніцы яно мусіць рабіцца цягам дня па-за чаргой. Па праграме Еўрасаюза цэнтр мае спецыяльнае абсталяванне, і за кошт гэтага праекта робіць бясплатныя абследаванні. Як паведамілі ў цэнтры, праект дзейнічае ўжо два гады і сканчаецца ў жніўні. Што потым – пакуль невядома, магчыма, будзе падтрымліваць дзяржава.
Прыйсці запоўніць анкету можна ў абласную клінічную бальніцу ў анкадыспансер, на базе якога працуе Цэнтр спадчынных пухлінаў.