У навагоднюю ноч падвыпітых міліцыя падвязе дахаты
З 19 снежня па 14 студзеня супрацоўнікі МНС будуць несці службу ва ўзмоцненым рэжыме. Паводле інфармацыі БЕЛТА, усяго па Беларусі будзе дзяжурыць на масавых мерапрыемствах у навагоднюю ноч каля 10 тысяч супрацоўнікаў МУС і ўнутраных войскаў. Як паведаміў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Аляксандр Барсукоў, сёлета несці службу будзе больш супрацоўнікаў у цывільным, “каб не псаваць людзям настрой”. Яны не будуць звяртаць увагі на дробныя парушэнні. Трохі падвыпітым нават дапамогуць даехаць дахаты, паабяцаў чыноўнік.
На месцах, дзе будуць праводзіцца дзіцячыя святы, будуць дзяжурыць супрацоўнікі органаў пажарнага нагляду. Плануюцца паўсюдныя інструктажы з супрацоўнікамі, якія адказваюць на месцах за пажарную бяспеку – асаблівую ўвагу звернуць на стан шляхоў эвакуацыі, сродкаў сувязі, сістэм апавяшчання, наяўнасць першасных сродкаў пажаратушэння ў месцах масавага збору людзей.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў і іншых назіральных службаў зладзяць шэраг рэйдаў па выяўленні фактаў незаконнага гандлю піратэхнічнымі вырабамі. У той жа час уводзіцца забарона прымяняць свечы, факелы, вогневыя і іншыя эфекты з прымяненнем адкрытага агню, піратэхнічныя вырабы, якія ўжываюцца з парушэннем патрабаванняў пажарнай бяспекі, на масавых мерапрыемствах.