Самыя прыгожыя гродзенкі збяруцца ў суботу
Найпрыгажэйшыя дзяўчыны горада збяруцца ў Гродзенскім музычным каледжы, пачатак кастынгу ў 11 гадзін. Каб паўдзельнічаць у конкурсе, прэтэндэнткі мусяць быць незамужнімі дзяўчынамі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў, ростам не ніжэй за 175 сантыметраў. Да слова, у мінулым годзе дзяўчыны запрашаліся ва ўзросце да 24 гадоў. Пры сабе трэба мець пашпарт, купальнік, туфлі на высокім абцасе і, калі ёсць, партфоліо.
Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры аблвыканкама Людмілы Лебедзь, ацэньваць дзявочую прыгажосць на конкурсе ў Мінску будзе журы ў складзе 9 чалавек. Фінальнае шоў “Міс Беларусь-2010” зладзіцца ўвесну. Сёлета гэта будзе сёмы нацыянальны конкурс прыгажосці.
У першым конкурсе ў 1998 годзе перамогу атрымала гродзенка Святлана Крук, якая таксама ўвайшла ў дзесятку лепшых конкурса “Міс Еўропа”. Яшчэ адна гродзенка Алена Федзяк атрымала тытул першай віцэ-міс на пазамінулым Нацыянальным конкурсе прыгажосці. Два гады таму Яўгенія Русіноўская на гэтым конкурсе стала “Міс глядацкіх сімпатый”.
На здымку: залатая карона, сімвал конкурсу “Міс Беларусь”, крыніца: belarusmodels.by