Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі адновіць камерныя канцэрты

|

Імпрэзы распачаліся ў снежні канцэртам камернага хору “Дойлідства”. Цягам месяца падчас святаў у адрэстаўраванай залі музея гучала музыка ў выкананні “Гродзенскай капэлы”, абласной філармоніі, таксама свае выступы ладзіў польскі нацыянальны ансамбль песні і танца “Лехіці”.

Яшчэ да рэстаўрацыі ў нашым музеі цягам некалькіх дзесяцігоддзяў ладзілася шмат музычных канцэртаў. Зараз па ідэі нашага дырэктара мы хочам узнавіць тую актыўную музычную дзейнасць. Напрыклад, улетку ў нашым дворыку рабілі канцэрты хора “Дойлідства”. Да Калядных святаў падрыхтавалі праграму музычных вечароў – гэтак званай высокай музыкі, таму іх атмасфера камерная, – распавяла Наталля Пасюта, навуковы супрацоўнік гродзенскага музея гісторыі рэлігіі.

15 студзеня запланаваны канцэрт навучэнцаў Гродзенскага каледжа мастацтваў “Мелодыя Раства”. З ягоным калектывам “Калыханачка” музей стала працуе – напрыклад, ладзілі сумесна шэраг дабрачынных імпрэзаў ў дамах для сталых людзей па Гродзеншчыне, дзе разам з канцэртам паказвалі перасоўную выставу.

Заключная імпрэза ў межах калядных музычных вечароў у музеі гісторыі рэлігіі адбудзецца 16 студзеня а 17 гадзіне. На канцэрце “Свет Бэтлеемскай зоркі” абласной філармоніі плануюцца выступы гродзенскага гітарыста Уладзіміра Захарава, баяніста Дзмітрыя Казекі, інструментальнага ансамбля “Медыум” і іншыя.