Ці выжыве футбольны «Белкард»?
– Зміцер Анатольевіч, шматлікіх аматараў футболу хвалюе будучыня «Белкарду»…
– На гэты момант кіраўніцтва запэўніла, што каманда будзе існаваць. З першага лютага мы паступова пачынаем рыхтавацца да новага сезону. А што тычыцца больш аддаленай перспектывы, сказаць пакуль нічога не магу.
– Колькі гульцоў зараз налічваецца ў камандзе?
– У трэніроўках ўдзельнічае каля 20 чалавек. Што да складу, які будзе ўдзельнічаць у чэмпіянаце… Некаторыя з гульцоў знаходзяцца на праглядзе, з некаторымі кантракты ўжо скончыліся і трэба складаць новыя. Цяпер ідзе працэс перамоваў з некаторымі футбалістамі.
– Хто-небудзь ужо знаходзіцца на праглядзе ў камандзе?
– Так. Усе – выхаванцы мясцовай спартыўнай школы «Белкард». Пакуль не падпісаныя кантракты, прозвішчы іх я называць не буду.
– А што чуваць пра Германа і Гайдоўскага, якія знаходзяцца на праглядзе ў «Нёмане»?
– Герман у часе прагляду ў «Нёмане« атрымаў траўму, зараз лечыцца. А Паша Гайдоўскі вяртаецца ў наш клуб.
– У вас яшчэ Іван Садаўнічы знаходзіцца на праглядзе ў Пінску…
– Іван яшчэ не вызначыўся… Склад будзе вызначаны бліжэй да сакавіка.
– Якія мэты ставіце на гэты сезон?
– Мэты на сезон будзем ставіць перад пачаткам чэмпіянату. Асноўнай жа задачай футбольнага клубу «Белкард» з’яўляецца выхаванне мясцовай моладзі, гарадзенскіх дзяцей. Мы павінны даць ім магчымасць паказаць сябе, патрапіць, можа быць, у склад каманд з вышэйшай лігі беларускага футболу, альбо замежных каманд.