Вызначыліся лепшыя рэпарцёры месяца ў “Тваім стылі”

|

Экспертам былі прапанаваны некалькі радыйных сюжэтаў з мультымедыйнага сайта www.tstyl.fm і артыкулаў, апублікаваных ў штотыднёвіку “Твой Стыль” (www.t-styl.info) у студзені 2010 года.

Наталля Якавенка вызначала лепшы радыёматэрыял, а Сяргей Астраўцоў – лепшую газетную публікацыю.

>

Навучэнцы “Школы Маладога Журналіста-13” – намінанты і пераможцы конкурса лепшых рэпарцёраў месяца.

 

Журналісты пракаментавалі работы сваіх калег – пачаткоўцаў.

 

У намінацыі “Лепшы радыёрэпартаж месяца” на перамогу прэтэндавалі матэрыялы Машы Дробавай (“Гарадзенскія музычныя гаражы”), Каці Паўлоўскай (“Сметніцы для падзелу адкідаў: выхаванне экакультуры?”), Аляксандры Маславай (“Метрасэксуалы: гарадзенскі погляд”), Тані Саковіч (“Пра ірландскія танцы, фітнес-джаз і фанк”) і Волькі Філіповіч (“Час збіраць камні, альбо размова з аўтарам Ката-Баюна”).

 

Наталля Якавенка, Радыё Рацыя, Беласток:


– Агульнае ўражанне ад радыё “Твой стыль”: вельмі цікава і нестандартна, сапраўды адчуваецца ўласны стыль.  

 

У матэрыяле Каці Паўлоўскай адчуваецца прафесійны падыход, падрабязны разгляд тэмы, з экспертам і апытанкай, аднак сама тэма не цікавая, хаця важная. Нецікавае можна зрабіць цікавым, калі крэатыву дадаць, напрыклад, распытаць нейкіх вядомых людзей, хто ў іх сям’і выносіць смецце, як часта кідаюць яны куды не трэба і г.д.

Месяц таму на “Еўрарадыё”, здаецца, Тамара Лісіцкая распавядала, як выпадкова выкінула ў кантэйнер для смецця святочны строй для выступу на вечарыне і як пасля даставала яго, корпаючыся ў сметніцы:)

 

Аляксандры Маславай, аўтарцы сюжэту пра “метрасэксуалаў”, удалося зацікавіць і ўтрымліваць увагу слухача ад пачатку і да канца, дынамічна раскручваць сюжэт. І апытана шмат народу, і тэма цікавая для многіх, і жывыя каментары ёсць, і раскрыта тэма добра, але трошкі аднабакова, бо няма меркавання якога-небудзь “метрасэксуала”. Хаця я разумею, што цяжкавата такога знайсці 🙂 

 

 

Рэпартаж Тані Саковіч “Пра ірландскія танцы…” – смелая задума, бо танец трэба бачыць! Але ў аўтаркі атрымалася спрацаваць на ўяўленне слухача. Гэта добра. Аднак трэба самой вядучай папрацаваць над дыкцыяй і манерай падачы матэрыялу. Бо пра пазітыўны настрой ад танцаў яна гаворыць сумна і няўпэўнена. Артыстызму не хапае, не запальвае яна сама, хаця распавядае пра экспрэсіўныя танцы, а не пра які-небудзь менуэт.

 

“Час збіраць камні…” Волькі Філіповіч прайграе перад іншымі намінантамі тым, што сюжэт зроблены з найменшымі высілкамі – адно інтэрв’ю і ўсё. Вось каб аўтар дадала сюды пару-тройку выказванняў пра скульптуры гэтага майстра ад наведвальнікаў Каробчыцаў, або мастацтвазнаўцу, было б лепш. 

 

Лепшым жа матэрыялам месяца прызнаю рэпартаж Машы Дробавай “Гарадзенскія музычныя гаражы”.

Атрымалася цікава, хоць тэма спецыфічная, разлічаная на аматараў пэўнага віду музыкі.

Адзіны недахоп – на пачатку перадачы музыкі прадстаўляюцца пералікам адзін за адным. А калі яны гавораць, то не зразумела хто ёсць хто…

 

Сяргей Астраўцоў, карэспандэнт Радыё Свабода, пісьменнік

 

Найбольш мне спадабалася  гутарка з Алесем Суравым. Аўтар Алесь Кіркевіч апроч таго, што знайшоў цікавага вартага суразмоўцу, здолеў граматна пабудаваць інтэрв’ю, добра прадумаў пытанні, паспрыяў мастаку, каб той раскрыў свае погляды на розныя рэчы, прайшоў па вострым лязе.

Інтэрв’ю цікава чытаць.

 

Івана Лісыцына можна  шчыра павітаць за выбар тэмы, за прыдуманую ідэю – параўнаць войска з турмой.

Напісана цікава, ёсць развіццё тэмы, выдатная думка – спроба даведацца – “колькі мы пратрымаемся”, калі на нас нападуць.

Думаю, тэкст мог бы стаць падставай для дыскусіі: ці сапраўды казарма нагэтулькі горшая за краты?

 

Юлія Бадзяк у артыкуле “У колькі абыйдзецца студэнцкі білет?” узяла праблему, якая датычыць штогод многіх людзей і якая застаецца надзённай і надалей.

Пісаць на такія тэмы няпроста. Па-першае, трэба знайсці факты і лічбы.

Гэта Юліі ўдалося. Больш за тое, яна напісала свой тэкст цікава, чытабельна, хаця тэма сур’ёзнасцю, праблемнасцю гэтаму не спрыяла, тут патрэбны былі дадатковыя высілкі аўтара. Віншую! 

 

Саша Іваноў у матэрыяле “Веды на пракат ці Колькі каштуе курсавая” узяў адзін аспект тэмы, на якую пісала Юлія. Яму ўдалося раскрыць яе, расказаць цікавую гісторыю, нават амаль з крымінальнай інтрыгай.

Гісторыя Маргарыты – прыклад актыўнага сучаснага студэнта, які не чакае, калі закончыць універсітэт і яго абы-куды размяркуюць, а бярэцца сваімі рукамі будаваць сваё жыццё.

Гісторыя добра напісана, чытаецца лёгка. Нават калі штосьці ў ёй прыдумана, выглядае вельмі праўдзіва.

 

Цешыць тое, што ўсе аўтары напісалі свае тэксты на беларускай мове. Усё ж гэта цяжэй, чым на рускай мове.

Маша Дробава  і Алесь Кіркевіч – лепшыя рэпарцёры студзеня ў “Тваім стылі”


Вызначэнне лепшых аўтараў месяца стане сталай традыцыяй “Твайго стылю”. Наперадзе ўзнагароджанне лепшых аўтараў лютага!


Фота з цырымоніі ўзнагароджання Рэпарцёраў месяца ў “Тваім стылі” Вітаўта Рудніка