“Твой Стыль” трапіў у фінал прэміі ў сферы вэб-журналістыкі па двух намінацыях
Прэмію сярод журналістаў, спецыялістаў па PR, фатографаў і пісьменнікаў, якія працуюць у Інтэрнет-медыя, заснавалі Інстытут журналістыкі БДУ, сацыяльная сетка навінаў YOUSMI, інфармацыйная агенцыя “Интерфакс-Запад”. Арганізатары абяцаюць зрабіць прэмію штогадовай. Усяго абвешчана 9 намінацыяў, на якія даслалі свае працы больш за 350 аўтараў і прадставілі Інтэрнет-праекты дзесяткі сайтаў.
Гродзенскі моладзевы інфармацыйны партал “Твой Стыль” трапіў у пяцёрку фіналістаў па двух намінацыях: “Лепшы тэматычны сайт” сярод прафесіяналаў, а таксама ў намінацыі “Лепшы артыкул” у катэгорыі аматараў матэрыял Лёшы Шоты “Чалавек-аркестр”. На конкурс малады журналіст даслаў усяго 6 матэрыялаў – тры артыкулы і тры рэцэнзіі
– У тым, што я траплю ў фінал, я быў упэўнены, але вось катэгорыя, у якой я прайшоў, сапраўды мяне здзівіла. Я меркаваў, што ў фінал трапяць мае рэцэнзіі, а трапілі тэксты, якія я даслаў ледзь не ў апошні момант, хутчэй для колькасці, а не якасці. Гэта маё асабістае перакананне.
Асабіста чакаю для “Твайго Стыля” дзве ўзнагароды: у катэгорыі “Лепшы тэматычны сайт – прафесіяналы” – я ўпэўнены, што яна ў нас у кішэні, і ў катэгорыі “Лепшы артыкул” – фармальна для мяне, але ж па вялікім рахунку ізноў-такі для ўсіх нас. Прыемна яшчэ тое, што я адзін з некалькіх беларускамоўных аўтараў сярод 350 прэтэндэнтаў з некалькіх краін.
Вельмі цешыць, што, наколькі мне вядома, гарадзенцы прайшлі ў фінал таксама ў катэгорыі “Лепшы тэматычны сайт – аматары”: гэта сайты belarus-travel.by Сяргея Чабоцькі і birdwatch.by Яўгена Сліжа.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 22 лютага ў актавай залі Інстытута журналістыкі БДУ.