Вайна вачыма відавочцаў

align=”left” >Еўтухоўская Ганна Данілаўна: «Нарадзілася я ў вёсцы Лістападавічы Менскай вобласці. Месцы тут вельмі прыгожыя, адразу за вёскай лясы і гаі з вялікімі палянамі. Увосень пад нагамі – залатыя дываны з лісця. Мусіць, і назва вёскі ад іх. Бацькі ў мяне былі простыя працоўныя людзі. Я, скончыўшы 7 класаў, паступіла ў Слуцкае педвучылішча, але скончыць яго не паспела, пачалася вайна. Не гледзячы на гэта, мяне прызначылі настаўніцай пачатковых класаў.

 

Хутка немцы занялі нашыя мясціны. Дырэктар школы, у якой я працавала, быў звязаны з партызанамі і прыцягнуў да працы па абароне Радзімы і мяне. Я стала сувязной. У мае абавязкі ўваходзіла перадача данясенняў у атрад і заданняў партызанам. Я выконвала даручэнні разам са сваёй сястрой. Аднойчы я сустрэла партызана з атрада імя Чапаева. Мы спадабаліся адзін аднаму, пасля заканчэння вайны ажаніліся і пражылі доўгае-доўгае шчаслівае жыццё. Аб часах майго юнацтва нагадвае нагрудны знак «Партызан Беларусі». А на заслужаны адпачынак я сышла са Свіслацкай школы-інтэрнату, дзе працавала настаўнікам».

 

Афанасава Аляксандра Васільеўна: «Я з пасёлку Бярозава Варонежскай вобласці, з сям’і службоўцаў. Скончыўшы школу паступіла ў Варонежскае педвучылішча, пасля заканчэння вярнулася на працу ў маю родную школу настаўніцай пачатковых класаў. Вайна змяніла ўсе маі планы. Адразу пачалася мабілізацыя: спачатку заклікалі мужчын, медыкаў, шафёраў, а потым, калі немцы пачалі ўпарта рухацца да Масквы, Ленінграду, мабілізавалі дзяўчат. Так я патрапіла ў войска.

 

Першыя пару месяцаў мы былі ў вучэбным аддзяленні: вучыліся страляць, кідаць гранаты, разумець сігналы і гэтак далей. А потым мне выдалі вайсковуюе амуніцыю і залічылі радавым у дывізію марской берагавой аховы на Ленінградскім фронце.

 

Служба была цяжкай: штодзённыя, часам па некалькі разоў у дзень бамбёжкі, артабстрэлы. Замкнулася кола блакады і пачаўся голад. Наступіла зіма. Людзі, знясіленыя ад голаду, падалі на вуліцы і замярзалі. Нас часам пасылалі звазіць трупы ў месцы пахавання. І так працягвалася да студзеня 1944 году. Аб гэтым страшным часе мне нагадвае медаль «За абарону Ленінграду». Калі б вы бачылі, як выглядалі ленінградцы: косткі, абцягнутыя абмарожанай скурай, сівыя, знясіленыя… Пра гэта цяжка забыцца. А колькі памерлых дзяцей!

 

У Ленінградзе я пазнаёмілася з курсантам вайсковага вучылішча – маім будучым мужам. Пасля разгрому немцаў пад Ленінградам я была дэмабілізаваная, вярнулася ў Варонеж, потым з сям’ёй цёткі пераехала ў Слонім. Тут ужо пасля вайны і знайшоў мяне былы курсант. Ён скончыў у Магілёве сельгасакадэмію, і быў накіраваны ў Гродна. Да выхаду на пенсію я працавала настаўнікам у СШ № 1. У гонар 40-годдзя Перамогі мне ўручылі Ордэн Айчыннай вайны 2-ой ступені, а за добрасумленную і шматгадовую працу медаль «Ветэран працы».

 

Сухоцкі Васіль Восіпавіч: «Я нарадзіўся ў 1914 годзе, калі пачалася Першая сусветная вайна. Сям’я наша з вёсцкі Галаўнічы Верцялішскага сельсавету. У Верцялішках была польская школа, у ёй я скончыў тры класы. Тэрміновую службу праходзіў у польскім войску.

 

У 1939 годзе адбылося ўз’яднанне Беларусі, а мы яшчэ некалькі гадоў жылі прыватнай гаспадаркай. Калі пачалася вайна, нямецкія часткі ў першыя дні мінулі нашую мясцовасць. Вызвалілі нас толькі ў 1944 годзе. Мяне і ўсіх маладых мужчын мабілізавалі і накіравалі ў 20-ты вучэбны стралковы полк у Кастраму. Пасля абучэння быў залічаны радавым стралком у 1090 стралковы полк, які прымаў удзел у вызваленні Варшавы. Увосень 1944 году мяне перавялі ў 240 гвардзейскі стралковы полк другім нумарам кулямётнага разліку. Полк прымаў удзел у фарсіраванні Одэра і штурме Берліну. У гэтым баі вельмі шмат загінула нашых салдатаў, мяне сур’ёзна параніла ў нагу. Санітары зрабілі перавязку і на насілках вынеслі мяне з поля бою. На санітарным цягніку адправілі ў шпіталь, дзе я і сустрэў Дзень Перамогі.

 

У верасні 1945 году мяне дэмабілізавалі. Я вярнуўся дадому, уладкаваўся спачатку на працу ў пажарную частку, а потым стаў працаваць столярам на фабрыцы «Дынама». 

Працяг будзе